Па якім часе будзе жыць Беларусь?

Расія можа перайсці на зімовы час улетку. Ці будзе так, стане вядома неўзабаве. Пра гэта Еўрарадыё распавядае старшыня Камітэта па ахове здароўя Дзярждумы Сяргей Калашнікаў:

"Справа ў тым, што выйшаў тэрмін, прадстаўлены ўраду для адказу на запыт Дзярждумы наконт рашэння аб пераводзе часу. 11 лютага на першым паседжанні Дзярждумы гэтае пытанне будзе ўзнятае, і таму ўсе чакаюць, што са дня на дзень будзе адказ. Але пакуль ён не паступаў".

Расійская газета "Известия" паведаміла, што рашэнне ўжо прынятае, і неўзабаве будзе абвешчана, што ўлетку Расія пераходзіць на зімовы час. Гэта паспяшаліся абвергнуць у Крамлі. Але ж Уладзімір Пуцін прагаварыўся, што за летні час яны не трымаюцца.

"Гэта рашэнне было прынятае Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым, калі ён быў прэзідэнтам. Мы з ім нядаўна абмяркоўвалі, і ён не трымаецца за гэтае рашэнне (жыць па летнім часе. — заўв. Еўрарадыё). Яшчэ раз усё прааналізуем, каб без спешкі і мітусні прыняць канчатковае рашэнне".

Атрымоўваецца, што зіму Расія і Беларусь пражылі па летнім часе, а ўлетку пяройдуць на зімовы! Бо расійская Дзярждума выступае за такі пераход. А Беларусь адмяніла перавод стрэлак менавіта паводле прыкладу Расіі.

"Перавод часу народ не прызнае. Народ пераводу не хоча. Ён проста хоча жыць па зімнім часе без пераводу", — кажа дэпутат Дзярждумы Сяргей Калашнікаў.

Беларускія і расійскія эксперты цяпер амаль у адзін голас кажуць, што перавод стрэлак не дае эканамічнай выгады, таму ад яго і адмовіліся дзеля зручнасці людзей і кароў. Цяпер увесь год іх дояць у адзін час. Але людзям узімку даводзіцца ісці на працу ў цемры.

Загадчык сектара часу і частаты Інстытута метралогіі Аляксандр Галыга лічыць, што пераскокваць на зімовы час следам за Расіяй няма патрэбы. У любым выпадку гэтае пытанне пакуль не ўздымалася, і даручэнняў інстытуту таксама не было.

"На мой погляд, няма неабходнасці ў розных торганнях. Заўсёды былі незадаволеныя зімовым ці летнім часам. Ясна, што некага не задавальняе тое ці іншае. У нас знізіліся ўсе звароты, якія раней былі. Калі раней як мінімум 2 разы на год прыходзілі розныя запыты і прапановы, то цяпер няма. З пункту гледжання эфектыўнасці ўжо даўно лічылі, што падчас пераходу на летні час быў невялікі эфект. Калі на зімовы час, то невялікі адкат. Эканомія ў 0,3% — гэта нязначна ў маштабах рэспублікі".

Атрымоўваецца, што Расія можа перайсці на зімовы час і застацца ў ім. А мы застанемся ў летнім. І Мінск з Масквой апынуцца ў адным часавым поясе. Ці, наадварот, мы можам апынуцца ўлетку ў адным поясе з Еўропай. Яны летам перавядуць стрэлкі на гадзіну наперад, а мы — назад, і цяперашняя розніца ў 2 гадзіны зраўняецца.

Калі Масква пераходзіць на зімовы час, а мы застаемся ў летнім, то з Масквой час будзе супадаць.

Калі мы пераходзім на зімовы час, то ад Масквы будзем адставаць на гадзіну, як і зараз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі