На матчы БАТЭ купілі ў адзінаццаць разоў больш квіткоў, чым на зборную

120925_valo6yn_footbol.mp3

На хатнія матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў ужо купілі каля 11 тысяч пакетаў (дадзеныя на панядзелак 24-га верасня). Пры гэтым найвялікшыя продажы звычайна здараюцца ў апошнія дні.

Дзіўна, але звесткі наконт квіткоў на гульні нацыянальнай зборнай нам не паведамілі. Аднак "Прессбол" паведаміў, што на пачатак тыдня прадалі толькі 1000 квіткоў. 

Еўрарадыё вырашыла параўнаць запатрабаванасць квіткоў на БАТЭ і на матчы зборнай.

Для гэтага мы выправіліся да касаў стадыёна “Дынама”, дзе цягам 30 хвілін апытвалі пакупнікоў. Даследаванне распачалі каля 12-й гадзіны. Вось якая карцінка атрымалася.

Пакеты на зборную купілі шэсць чалавек.  На БАТЭ — 28. Розніца — больш як у чатыры разы. Праўда, свой першы матч супраць "Баварыі" чэмпіён Беларусі правядзе другога кастрычніка. Зборная ж згуляе з чэмпіёнамі свету, іспанцамі, праз дзесяць дзён пасля гэтага — 12-га кастрычніка.

"БАТЭ перамагло “Ліль”, з’явіўся азарт, а зборная прайграла грузінам," — адказваюць Еўрарадыё чацвёра хлопцаў, якія толькі што набылі самыя танныя лігачэмпіёнскія пакеты. — Ды і квіткі дарагія, туды і туды адначасова не пойдзеш. Выбралі Лігу чэмпіёнаў".


Пакеты на тры хатнія матчы БАТЭ каштуюць ад 200 да 700 тысяч рублёў.

Зборная Беларусі знаходзіцца ў незайздросным турнірным становішчы, але самы танны пакет на два хатнія матчы каштуе 280 тысяч, самы дарагі — 480.

Для параўнання, пакет на пяць хатніх лігачэмпіёнскіх  гульняў гандбольнага “Дынама” можна купіць за 95 тысяч.

Выбіраючы ва ўмовах высокіх цэнаў паміж БАТЭ і нацыянальнай зборнай, людзі, як упэўнілася Еўрарадыё, збольшага выбіраюць Лігу чэмпіёнаў: і матчаў больш, і пачнуцца хутчэй, і БАТЭ дасягнула чарговага ўзлёту папулярнасці. 

У тым ліку з-за дарагіх квіткоў матч зборнай з іспанцамі — чэмпіёнамі свету і Еўропы — вырашыў байкатаваць увесь фанацкі сектар Б-12.

Малюнак узяты з сайта групоўкі Б-12

Складана ўявіць, за кошт чаго магчыма запоўніць 30-тысячны стадыён “Дынама” на гульні зборнай з Іспаніяй і Грузіяй. Застаецца толькі спадзявацца, што прыстойная падтрымка галоўнай камандзе краіны ўсё ж будзе забяспечана.

Як заўсёды, у нас прынята ўсё купляць у апошнія дні, — кажа Еўрарадыё Аляксандр Томін, прэс-сакратар Беларускай федэрацыі футбола. — Такі ў нас менталітэт. Таму пакуль продажы ідуць павольна. Хацелася б, каб потым не было вялізных чэргаў, каб квіткі куплялі загадзя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі