На харчаванне футбалістам — 22 тысячы рублёў у суткі!

110823 Zybliuk Eda.mp3

Трэнер Сяргей Бароўскі, пакідаючы ФК “Віцебск” і гаворачы пра праблемы клуба, кажа, што на харчаванне футбаліста ў суткі выдзяляецца… 22100 рублёў!

Сяргей Бароўскі: “У нас клубы на дзяржпадтрымцы, і дзяржорганы вельмі строга патрабуюць выконваць гэтыя нарматывы. Хаця гэтыя нарматывы — гэта, канечне, смех. Нельга патрабаваць ад футбольнага клуба таго ж рэжыма працы, як ад якога-небудзь аддзела на вытворчасці”.


Як даведалася Еўрарадыё, сапраўды існуе адмысловая пастанова N38 Міністэрства спорту. Трэнер здзіўляецца: навошта прыдумляць нейкія нарматывы на харчаванне?

Сяргей Бароўскі: “У нас так заўжды было ў спорце: кошты растуць, а бюджэт на год прымаецца ў студзені. Гэта бяда не толькі “Віцебска”, проста іншыя клубы неяк выкручваюцца. Для гэтага трэба знайсці нейкіх дадатковых спонсараў, фінансы”.


Ва ўпраўленні спорту Мінспорту згаджаюцца, што на такія грошы футбаліста не пракорміш. І адфутбольваюць да Міністэрства фінансаў — маўляў, гэтыя нормы ўсталёўваюць там.

“Зайдзіце ў любую сталоўку і паспрабуйце паабедаць за гэтыя грошы. Калі браць натуральныя нормы харчавання прадуктамі, то атрымоўваецца больш за 100 тысяч рублёў. А мы атрымоўваем 22100 рублёў”.


Чыноўнікі Мінспорту кажуць, што аб сваім харчаванні футбалісты могуць паклапаціцца самі. Бароўскі лічыць, што харчаваннем футбалістаў мусіць займацца лекар каманды.

Сяргей Бароўскі: “Адна рэч, калі гэта цэнтралізавана і прадукты заказвае лекар каманды, зыходзячы з каларыйнасці і гэтак далей. А калі футбаліст сам набывае, ён любіць нешта смачнае, а гэта можа быць не карысным для спартоўца”.


У Мінспорту запэўніваюць Еўрарадыё, што дамагаюцца перагляду нарматываў. Але калі сачыць за апошнімі выступамі “Віцебска”, то на галодным пайку таксама няблага гуляюць.

Фота: mtz-ripo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі