“Крамбамбуля” грае на карпаратывах у Палацы спорту!

121221_malina_korporativy.mp3

Беларускія кампаніі здольныя запрашаць на навагоднія карпаратывы вядомых замежных зорак ды здымаць пад гэта нават Мінск-арэну. Еўрарадыё зацікавілася, а ці карыстаюцца попытам у нашых прадпрыемстваў мясцовыя зоркі. Як высветлілася, тыя ж IT-шнікі разам з украінцамі “Океан Ельзи” з задавальненнем адрываюцца і пад “Крамбамбулю”.

“Яны сабе дазваляюць здымаць Палацы спорту, Палацы рэспублікі, — каментуе дырэктар гурта Ганна Вольская і называе карпаратывы сваім “паралельным жыццём”. — Гэта самая мэтавая аўдыторыя, якая любіць жывую музыку. Вось мы днямі гралі ў Палацы спорту, і гэта быў звычайны рок-канцэрт”.


У Аляксандра Саладухі карпаратыўны графік пачынаецца з 21 снежня. Выступаць ён будзе перад супрацоўнікамі розных установаў і ў Расіі, і ў Беларусі. А сам момант наступлення Новага года адзначыць, хутчэй за ўсё, у грымёрцы.

“31-га ў мяне гадзінны выступ 22:30 – 23:30 у цэнтры Мінска ў клубе “Гудвін”, — прызнаецца спявак. — Думаю, што я буду пераапранацца ў грымёрцы, але за адну хвіліну да дванаццаці я выйду і павіншую публіку. А ўжо потым мяне машына павязе дамоў”.


Ганарары Аляксандра Саладухі стартуюць ад адной і сягаюць да дзесяці тысяч долараў за канцэрт. Крытэрыям з’яўляецца і прыбытковасць кампаніі, і яе месцазнаходжанне, і, безумоўна, колькасць часу. А вось у Інны Афанасьевай кошты пачынаюцца ад 2 тысяч долараў, праўда, спявачка адзначае, што гэта навагодні тарыф.

“Пачынаючы ад нейкіх раённых Дамоў культуры, малочных заводаў, хлебазаводаў, — пералічвае замоўцаў артыстка. — І да розных банкаў, будаўнічых арганізацый.


Нягледзячы на абсалютна рознафарматную публіку, узгадаць карпаратыў, каб на ім сутыкнулася з рокерамі, Іна не здолела. Хіба толькі з J:Mopc перасякаецца часам, “але ці можна іх лічыць такім ужо рокам”, — сумняваецца спявачка.

І сапраўды ў раней запатрабаванага гурта Neuro Dubel сёлета карпаратываў увогуле не плануецца.

“Да забароны гралі рэгулярна, — узгадвае лідар калектыву Аляксандр Кулінковіч. — Звычайна, гэта былі розныя камп’ютарныя фірмы. Там працуюць нармальныя маладыя хлопцы, з імі цікава было заўсёды, шкада, што цяпер не запрашаюць”.


Няма карпаратыўных замоваў і ў “Крамы”, калі не лічыць некалькіх прапановаў для сайд-праекта Ігара Варашкевіча.

“Галоўнае, каб слухалі, а не казалі: “Рэбята, лямінорчык пажалуйста!” Некалькі разоў і такія сітуацыі былі!”, — Ігар называе крытэрыі свайго ўдзелу ў карпаратыве.

А вось маладая рок-сцэна аказалася больш спрытнай за “мастадонтаў”. Сёлета гурт Akute першы раз удзельнічае ў “навагоднім чосе”.

“Карпаратывы ёсць, але я б не сказаў, што іх ужо так шмат, — дзеліцца з намі Раман Жыгараў. — Звычайна запрашаюць IT-кампаніі, таксама запрасіў даволі буйны банк. Так што, даволі разнастайная публіка”.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі