Хаменка і Вольскі не бачаць сэнсу ў назіранні на выбарах

120912 Luka6uk Vybary.mp3

Тры музычныя стылі былі прадстаўленыя на ўчастковых выбарчых камісіях падчас прэзідэнцкіх выбараў. На трох сталічных участках за галасаваннем назіралі рокер Лявон Вольскі, фольк-мадэрніст Алег Хаменка і бард Зміцер Бартосік. Гэта VIP-назіранне праходзіла з ініцыятывы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Сёлета, распавядае праваабаронца Валянцін Стэфановіч, яшчэ не думалі, ці прыцягваць “зорных” музыкаў да назірання за парламенцкімі выбарамі. Маўляў, выбары ж не прэзідэнцкія, цікавасць не высокая.

Валянцін Стэфановіч: “Зараз усё грамадства апатычнае, выбары гэтыя ў прынцыпе нікога не цікавяць. Дый яны і не заўважныя, яны не бачныя, гэтыя выбары, проста. Таму не ведаю, ці захочуць гэтыя людзі прымаць удзел у гэтай кампаніі, але мы б былі ў гэтым зацікаўленыя”.

З пытаннем, ці не жадаюць яны паназіраць за парламенцкімі выбарамі, Еўрарадыё звяртаецца да музыкаў. Лідар гурта “Палац” Алег Хаменка не раздумваючы адказвае адмоўна і тлумачыць, чаму.

Алег Хаменка: “Ад назіральніка зараз... Дый я ўвогуле не ўпэўнены, што ад яго нешта залежыць. Ён не назірае — ён проста легітымізуе тое, што там творыцца. Па сутнасці, назіральнік не мае рэальных правоў і ўсё!”




Як насамрэч лічацца галасы, Хаменка так і не пабачыў. І ўвогуле пакідаў участак у вельмі прыгнечаным настроі. Іншая справа — Зміцер Бартосік. На іх участку ў вельмі “наменклатурным” раёне, побач са школай КДБ, назіральнікам дазволілі на ўласныя вочы пабачыць, як і хто прагаласаваў.

Зміцер Бартосік: “Аляксандр Лукашэнка на гэтым выбарчым участку набраў 40%, 25% набраў Саннікаў. Па 10% набралі Някляеў і Раманчук, 5% — Статкевіч і 3% астатнія па дробязі. Таму я з радасцю паставіў свой аўтограф пад вынікамі галасавання на гэтым канкрэтным участку — было зразумела, што ніякай перамогі ў першым туры няма. Але тое, што робіцца ў больш галоўных камісіях, куды сцякаюцца дадзеныя з участкаў, там творыцца ўсё астатняе”.




А таму, сцвярджае, і назіраць за выбарамі няма сэнсу, і хадзіць на іх. Адмовай на прапанову пашыраць свой вопыт назіральніка адказаў і лідар “Крамбамбулі” Лявон Вольскі.



Можа, хтосьці іншы з музыкаў пагодзіцца падмяніць іх на гэтых выбарах? Лідар “Нейра Дзюбеля” Аляксандр Кулінковіч не хоча.

Аляксандр Кулінковіч: “Ніякага жадання! Мы, канешне, усе палітызаваныя, але палітызаваныя па-кухоннаму. Мяне гэтая палітыка не цікавіць увогуле! Хоць яна мяне і тыцкае бясконца рознымі забаронамі і прапануе гэтай самай палітыкай заняцца ў той ці іншай галіне. Але я не хачу, не буду і ўвогуле мне гэта ўсё агідна”.




Не менш катэгарычны і Зміцер Вайцюшкевіч.

Фота: Змітра Лукашука, http://euroradio.fm, http://budzma.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі