Камунальнікі раяць заключаць дамову з ЖЭСамі, каб не аштрафавалі за снег

121212_martin_sneg.mp3

ЖЭСы Мінска прапануюць пачысціць снег каля машын за 22 тысячы рублёў. Летась было 10 тысяч. Інфляцыя на снег — 100%. І ўжо рапартуюць, што заключылі тысячу такіх пагадненняў. Бо калі снег не прыбраны на метр ад машыны, кіроўцу могуць аштрафаваць.

“Пакуль толькі папярэджанні выпісваюць і раскладваюць пад вокны машынаў. Ужо амаль 7 тысяч папярэджанняў. 8 тысяч чалавек самі прыбіраюць, цэлымі дамамі”, — расказваюць Еўрарадыё ў “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы”.

І абяцаюць, што калі ёсць дамова з ЖЭСам на ўборку машыны, сто адсоткаў не аштрафуюць.

Але ці будуць прыбіраць снег, калі ёсць дамова? У мінскім ЖЭСе №4 Еўрарадыё прызнаюцца: не хапае дворнікаў. Палова вакансій вольная, наракае дырэктар Анатоль Гарко:

“Па ЖЭСе цяпер 24 вакансіі. На сёння працуе 28, і 6 чалавек у дэкрэце. Але ненадзейны кантынгент, сёння могуць прыйсці, заўтра — не”.

Дамову на прыборку снега пакуль ні з кім не заключылі, прапануюць кіроўцам дапамагчы рыдлёўкамі, калі тыя самі прыбіраюць. Каб пачысціць каля адной машыны, дворніку трэба паўгадзіны. Нават калі працаваць 12 гадзін, атрымаецца прыбраць толькі вакол 24 машын.

Дворык па Карла Маркса, ля Акадэміі кіравання. Машыны ў снезе.

Дворык па Карла Маркса

Сваё аўто чысціць мясцовы жыхар Сяргей Чыжэўскі, да ЖЭСаўскіх дворнікаў ён звяртацца не хоча:

“Яны пачысцяць там, дзе машына зранку стаяла, а потым прыеду, а месца занятае. Давядзецца зноў чысціць. Часам прыеду, і на расчышчанае атрымліваецца паставіць”, — тлумачыць Сяргей Чыжэўскі.

“Людзі звяртаюцца па дамовы на чыстку машыны. Але яны хочуць, каб мы захавалі за імі гэтае месца. Мы не можам гэтага зрабіць. Усё адно прыбіраем”, — пацвярджае дырэктар ЖЭС №4 Анатоль Гарко.

За непрыбраны вакол машыны снег кіроўцу могуць штрафануць на тры базавыя — 300 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі