Каця Пытлева ды Дзіта Карэліна адкрылі мінчанам свае "ўнатранасці"

120924_malina_pytleva.mp3

Днямі вядомая беларуская тэле- і радыёвядучая Каця Пытлева і абсалютна невядомая мінчукам расійская паэтэса ды перформерша Дзіта Карэліна, пераўтварылі галерэю "Ў" у гарадскі транспарт у гадзіну пік. Яны прэзентавалі адразу два не звязаныя паміж сабой праекты: спектакль Дзіты "Ad Libitum" і кнігу вершаў Каці "Внутренности".

"Першапачаткова гэта была ідэя Дзіты, — тлумачыць з'яўленне "дуэту", які ўжо быў прадстаўлены ў Маскве ды Піцеры, Каця Пытлева. — Ведаючы, што ў мяне выходзіць кніга, яна пажадала пазнаёміць сваю публіку і з маёй творчасцю. Праўда, тое, што адбываецца ў Мінску, зусім не падобна на тое, што было ў Пецярбургу ды Маскве. Дзіта вельмі моцна перапрацавала свой спектакль і ў мяне абсалютна іншая праграма... Напэўна, за час пракаткі па іншых гарадах мы сталі зусім іншымі і прыйшлі да найвышэйшай планкі таго, што магло бы быць".

Спектакль “Ad libitum”, ролі ў якім выконваюць Дзіта Карэліна і яе дачка Марлена, гэта гісторыя двух жанчын у адной і адной жанчыны ў дзвюх іпастасях. Карэліна кажа, што гэта спроба данесці да прысутных адчуванне маці і дзіця, як цэлага але рознага. І можна смела сказаць, што з задачай Дзіта справілася. Няледзячы на заўважна аматарскае выкананне, публіка з захапленнем сачыла за ўсім, што адбывалася на сцэне.

Але, па шчырасці, больш увагі да сябе прыцягвала менавіта маленькая Марлена, якая і пасля завяршэння спектакля сабрала вакол сябе сапраўдны натоўп прыхільнікаў яе акторскага майстэрства. Тэматыка пастаноўкі, складзеная з абсалютна розных па настроі і перажываннях жыццёвых гісторый, выдатна падрыхтавала пляцоўку для прэзентацыі "Внутренностей" Каці Пытлевай.

"Внутренности" таму што тое, што ўнутры — эмоцыі, думкі — тое, што выліваецца ў кагосьці ў слёзы на плячы сябра, ці слёзы радасці, ці ў гарачыя дыскусіі, а ў мяне гэта выходзіць праз вершы,распавядае пра кнігу аўтар. — Там вельмі шмат і вострасацыяльных тэкстаў, зразумела, шоў-бізу ды сучасным норавам шмат чаго прысвечана, чалавечай прыродзе, ну, і, натуральна, шмат вершаў пра каханне, рознае каханне, шчаслівае і нешчаслівае".

Цікава, што сярод больш чым ста твораў, змешчаных у кнізе, толькі адзін верш з'яўляецца тэкстам песні. Але на прэзентацыі ўсё ж чытанне "Внутренностей" чаргавалася і выкананнем песень гурта "Клёндайк".

"Можна пісаць песні, а можна пісаць вершы, тэксты і там, і там, але яны ўсё роўна розныя, — разважае Каця. — Вершы больш глыбокія, рытмічныя, можа... у песнях жа ўсё больш проста, можа быць, утрыравана, а сказаць хочацца больш. Вершы я пішу часцей чым песні, і іх у мяне значна больш, таму я пажадала неяк сумясціць, бо гэта тыя ж думкі, тыя ж эмоцыі, толькі трошкі ў іншым выкананні".

Гурт "Клёндайк" ужо даўно знаходзіцца ў творчым адпачынку, але на прэзентацыі разам з гітарыстам Ігарам Норыкам Каця выканала і тыя песні, што так і не выйшлі на недазапісанам другім альбоме. Пасля выступу журналістка, спявачка ды літаратар прызналася, што гэта не выпадкова.

"Музыкі гурта выказалі вялікае "ЗА", але што з гэтага атрымаецца, пакуль сказаць складана. Мы вязем акустыку ў Санкт-Пецярбург, ужо ёсць прапановы з'ездзіць у Маскву ды Разань, але менавіта з акустыкай. Наконт электрыкі ўсё складаней, таму пакуль мы будзем у акустыцы, а там паглядзім".

Больш за тое, у музыкаў ёсць прапанова ўз'яднаць "Клёндайк" і праехацца па блізка 100 гарадах краін СНД. Праўда, што з гэтай прапановай рабіць, пакуль не вырашана. Бо наперадзе яшчэ некалькі сумесных прэзентацый з Дзітай ды сольныя выступы ў Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі