Каб пакрыць арэнду, трэба прадаць тры ліфчыкі за дзень!

120524 Svjardlou Arenda.mp3

Шалёны рост арэнднай платы пакуль што не распужаў прадпрымальнікаў з мінскіх гандлёвых цэнтраў. І нават не зрабіў іх больш гаваркімі: пра акалічнасці працы згодныя распавесці адзінкі.

Уладальнік “кропкі” з дробнай электронікай на “Імпульсе” плаціць 1600 долараў арэнднай платы за месяц. Дзённая арэндная плата роўная кошту 8 навушнікаў-кропелек — яны тут самы хадавы тавар.

“Але рэальна гэта толькі 40% ад арэнднай платы. Бо “накрутка” — мой прыбытак — складае толькі 40% ад кошту, па якім навушнікі прадаюцца”, — тлумачыць прадавец.

Атрымліваецца, каб выйсці “ў нуль”, трэба прадаць… 20 навушнікаў за дзень!

Пераходжу з “Імпульса” ў гандлёвы цэнтр “Люстэрка”. Большасць гандлёвых боксаў яшчэ зачыненая, таму адразу іду ў адміністрацыю.

“Гэты ўказ №150 ні на што не паўплываў. Бо ў нас усё ва ўласнасці асобных гандляроў. 218 уласнікаў, больш за 200 крамаў. І кожны сам вырашае, якую арэндную плату паставіць”, — распавядаюць там.

Чаму ж тады рэзка ўзраслі кошты ў суседнім “Паркінгу”?

“У іх толькі два ўласнікі. Як бы манаполія. І яны там могуць паставіць такую арэндную плату, якую хочуць”.

Па серпанціне спускаюся на першы паверх “Паркінгу”. І чамусьці адразу звяртаю ўвагу на прасторны павільён з шыкоўнай жаночай бялізнай. Прашу перавесці арэндную плату з рублёў у ліфчыкі.

— Я не ў гуморы, няма настрою для размовы, — сумна адказвае гандлярка.

— Праз падвышэнне арэнднай платы? — перапытваю я.

— Так.

Яе калегі кажуць, што павільён атрымаў за красавік рахунак на 21 мільён. Сярэдні кошт ліфчыкі тут 35 долараў. Каб “адбіць” арэнду, трэба прадаць за дзень не менш за тры прадметы бялізны!

“Тры ліфчыкі… Ну, гэта без камуналкі і без падаткаў. А калі з імі, дык, каб “у нуль” выйсці, трэба і ўсе пяць ліфчыкаў за дзень прадаваць! — дапамагае мне лічыць вясёлая гандлярка дыскамі. — Далёка не кожны дзень такі попыт. Асабліва зараз”.

Пераходзім на дыскі. Гандлярка кажа, што арэндная плата — блізу 4 мільёнаў рублёў за месяц, кошт аднаго дыска — 25 тысяч. Дадаем камуналку і падаткі…

“У сярэднім — 10 дыскаў за дзень трэба прадаваць. Але гэта таксама “ў нуль”. А яшчэ ж трэба тавар на нейкія грошы набыць…”

Паводле слоў гандляркі, набываюць дыскі ці хатнія гаспадыні, якія не ўмеюць пампаваць музыку з інтэрнэту, ці заможныя, і таму занятыя людзі, якія не маюць на гэта часу. Дзень на дзень не прыходзіцца: часам прадаецца 20 дыскаў, часам — адзін…

Выходзячы з гандлёвага цэнтра, натыкаюся на стэлаж са свечкамі, абразамі і керамікай на рэлігійныя сюжэты. У адміністрацыі “Паркінгу” Еўрарадыё паведамляюць, што зніжак царкве не даюць: яна аплочвае тую плошчу, якую фактычна займае яе павільён, з разліку ў 65 еўра за 1 квадратны метр.

“Так, — уздыхае гандлярка за царкоўным прылаўкам. — Але стаўленне да нас вельмі добрае. Вось там, напрыклад, платная прыбіральня. Усе, хто тут працуе, плацяць. А нас з ласкавага дазволу адміністрацыі пускаюць бясплатна”.

Заходжу на рэчавы рынак “Дынама”. Тут ніякай панікі з нагоды Указа №150 няма. Вясёлы хлопец з намёта са спартовым абуткам распавядае мне, што за сакавік заплаціў 1 мільён арэнднай платы, а за красавік — 1 мільён 500 тысяч…

“Імпульс”, “Паркінг”, “Люстэрка”, Bigzz… Там, дзе кропкі ў прыватнай уласнасці, там хлопцы і “трапілі”, — разважае гандляр у павільёне з джынсамі.

Асноўны акцыянер рынка, на якім ён працуе, — дзяржава. Раней для разліку арэнднай платы за яго павільён выкарыстоўвалася базавая велічыня — 35 тысяч. 29 сакавіка ва Указе №150 з’явіўся панятак “базавая арэндная велічыня”, роўная 54 тысячам.

“Пасля гэтага арэндная плата ў красавіку вырасла. Але, так бы мовіць, у межах звычайнага працэсу”, — працягвае прадпрымальнік.

А вось уладальнікам гандлёвых цэнтраў, што ў прыватнай уласнасці, Указ №150 даў магчымасць прызначаць любую арэндную плату.

Фота: flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі