Ірына Халіп: Гэта такое шчасце — паразмаўляць з уласным мужам

110818 HalipS.mp3

Раней праца ў неспрыяльных умовах, калі вязень губляе здароўе, называлася катаргай. Такую "катаргу" наведала жонка аднаго з палітвязняў, экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, Ірына Халіп.

Еўрарадыё: Якія вашыя першыя ўражанні ад прыезду ў калонію?

Ірына Халіп: Абсалютны стрэс, таму што я з першага погляду не пазнала ўласнага мужа. Калі яго завялі да мяне ў кабінку, дзе праходзяць кароткатэрміновыя спатканні, мне здалося, што гэта памылка, што прывялі кагосьці іншага, не Андрэя Саннікава. Потым выявілася, што гэта ўсё ж такі ён, проста зусім як Брус Уіліс, абсалютна паголеная галава, ні барады, ні вусоў, я яго такім ніколі не бачыла. А потым — дзве гадзіны разам, няхай праз шкло, няхай па тэлефоне,  гэта такое шчасце — паразмаўляць з уласным мужам. Спачатку стрэс, а потым шчасце.

Еўрарадыё: А колькі такіх сустрэч прадугледжана на працягу года?  

Ірына Халіп: На працягу года прадугледжана пры ўзмоцненым рэжыме тры кароткатэрміновых спатканні і два доўгіх, якія лічыцца што трое сутак, а насамрэч звычайна не больш за паўтара. Я ведаю, што Андрэй запісаўся ў чаргу, таму што вельмі абмежаваная колькасць пакояў для доўгіх спатканняў.

Еўрарадыё: Наваполацкая калонія славіцца складанымі ўмовамі. Ці не будзеце вы дамагацца, каб Андрэя Саннікава перавялі ў іншую калонію?

Ірына Халіп: Я ўпэўненая, што гэта бессэнсоўна. Таму што яшчэ толькі калі мы даведаліся, што яго хочуць размеркаваць менавіта ў наваполацкую калонію, маці Андрэя, Ала Уладзіміраўна Саннікава, хадзіла на прыём у дэпартамент выканання пакаранняў і пісала заяву, дзе тлумачыла, што Андрэй не надта малады, не надта здаровы чалавек, што яна старая і хворая, ёй цяжка будзе туды ездзіць на спатканні. З ёй размаўлялі вельмі ветліва, нават падказвалі, што добрыя калоніі Віцьба і Шклоў, маўляў, пішыце, што хочаце, каб яго адправілі туды. Яна так і напісала і праз два тыдні атрымала адказ, што ён едзе ў Наваполацк.

Еўрарадыё: Ці плануеце вы браць сына на наступнае спатканне?

Ірына Халіп: Я яшчэ не ведаю. Наступнае кароткае спатканне можа быць толькі праз чатыры месяцы, гэта будзе канец снежня. Я чамусьці спадзяюся, што да канца снежня ўсе палітзняволеныя  вернуцца дахаты.

Еўрарадыё: Ці Андрэй Саннікаў выказвае такія спадзяванні?

Ірына Халіп: Не. Гэтую тэму заўсёды падымаю я, таму што я веру. Гэта не можа цягнуцца доўга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі