"Фінансавы план" Беларусі на 2011 год надаў упэўненасці, але не спраўдзіўся

“Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011 год” зацверджаныя Указам прэзідэнта №597 ад 19 лістапада 2010 года. І гэты дакумент ніхто не адмяняў!

“Тое, што ён мусіць прымацца, і працэдура яго прыняцця прапісана ў нашай Канстытуцыі. І не толькі там, але Канстытуцыя вышэйшая за іншыя законы, — тлумачыць кіраўнік Упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў. — Дарэчы, не толькі наша краіна прымае такія дакументы. І называцца яны могуць па-рознаму. Але, напрыклад, у Расіі таксама называюцца “Асноўныя напрамкі…”.

“Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі…” заўжды прымаюцца перад Новым годам. У 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны Указ 7 снежня. У 2010-м — 19 лістапада, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў. А праз 4 дні гэты праграмны дакумент змясціла “СБ — Беларусь Сегодня”. Анатоль Драздоў згодны з тым, што “Асноўныя напрамкі…” патрэбныя для таго, каб у няпросты час надаць беларусам дадатковай упэўненасці.

“Для таго, каб краіна, грамадскасць, суб’екты гаспадарання ведалі, як будзе развівацца нашая фінансавая палітыка ў будучыні. Гэта своеасаблівы фінансавы план, калі хочаце. Каб усе разумелі, што будзе адбывацца ў наступным годзе, як будзе пры гэтым дзейнічаць цэнтральны банк. Гэта стандартная працэдура, прапісаная ў заканадаўстве”.

Шкада, але тое-сёе з аптымістычных эканамічных прагнозаў Нацбанка на 2011 год не спраўдзілася. Прагноз па росце валавога ўнутранага прадукту, які мусіў скласці 109-110%, пры пачатку жніўня скарочаны да 106,7%. Стаўка рэфінансавання не толькі не зменшылася да абяцаных 8-10%, а, наадварот, узнялася да 20%. А на кошык валют (і калідор у +/-8%) пасля травеньскай дэвальвацыі на 56% усе дык і ўвогуле папросту забыліся. Фінансавыя планы краіны былі моцна скарэктаваныя часам…

“…і вы можаце смела пра гэта напісаць”, — жартуе Анатоль Драздоў.

Хто адкажа за тое, што “Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі…” апынуліся пустым гукам? Ва Указе Аляксандра Лукашэнкі дакладна прапісана, што выкананне “Асноўных напрамкаў…” сумесна з Саветам Міністраў забяспечвае Нацыянальны банк.

Анатоль Драздоў: “У адпаведнасці з Канстытуцыяй, Нацбанк падпарадкоўваецца прэзідэнту. І толькі ён вырашае пытанне персанальнай адказнасці”.

Але, калі не лічыць выхад на пенсію старшыні Нацбанка Пятра Пракаповіча (пра які ён, як кажуць, даўно прасіў), гучных адставак у Нацбанку не было... А два тыдні таму ён атрымаў новага кіраўніка — Надзею Ермакову. Лагічна было б, каб цяпер “Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі…” былі скарэктаваныя з улікам актуальных эканамічных паказчыкаў. Але пра тое, ці ёсць у Нацбанка такія планы, Анатоль Драздоў казаць адмовіўся:

Анатоль Драздоў: “Мы ўвогуле не распавядаем пра праекты і планы. Мы распавядаем пра факты, якія адбыліся. Калі мы гэты дакумент скарэктуем — пра гэта будзе абвешчана”.

Не бачаць сэнсу ў тым, каб змяняць састарэлыя “Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі…” і ў Міністэрстве фінансаў.

“Гэта праграмны дакумент, ён вызначаў пэўныя параметры, а жыццё ўнесла свае карэктывы, — адказвае на пытанне Еўрарадыё начальнік галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Мінфіна Максім Ермаловіч. — І дакладна так жа, як змяняецца прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, і прагноз і ацэнкі па грашова-крэдытнай палітыцы… Яны ўжо выконваюцца крыху інакш, чым гэта запісана ў “Асноўных напрамках…” Але я асаблівага сэнсу ў тым, каб карэктаваць гэты дакумент, не бачу. Тым больш, што і ўзровень прыняцця рашэнняў там дастаткова высокі. Гэта кампетэнцыя Нацбанка. Як ён вызначыцца — так і будзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі