Drum Ecstasy "развялі" на грошы ў Расіі (відэа)

110811 SverdlovFonogr.mp3

Гурт Drum Ecstasy збіраецца спагнаць грошы з расійскага аўтарскага таварыства. Прычынай стала маладая фігурыстка, якая выступае пад музыку беларускага калектыву. Юлія Ліпніцкая катала пад музыку драмераў на чэмпіянаце Расіі яшчэ ў снежні, але музыканты дагэтуль не атрымалі "аўтарскіх". Дырэктар і музыкант гурта Drum Ecstasy Філіп Чмыр лічыць, што Расійскае аўтарскае таварыства грошы спагнала, але не перадала іх музыкантам. Таму ён накіраваў заяву ў Беларускі камітэт па аўтарскіх правах.

"А гэта ў сваю чаргу павінна прывесці да ліста ад нашага камітэту ў расійскі камітэт аб пералічэнні грошай за трансляцыю менавіта нам, – тлумачыць Філіп. – І расійскія каналы, якія адлічваюць "аўтарскія" грошы за эфірны час і выкарыстанне музыкі, павінны проста прыйсці да нас".

У Расійскай федэрацыі фігурнага катання на каньках пра гэтую сітуацыю ўвогуле нічога не ведаюць. Са словамі "там белорусы денег хотят" нам паклікалі адну з супрацоўніц Федэрацыі, якая адмовілася каментаваць сітуацыю і прапанавала Drum Ecstasy падаць пісьмовую заяву:

"Каментарыяў мы даваць не будзем, таму што ніхто тут не разумее, пра што гаворка. Калі ў вас ёсць пытанні – дасылайце іх на наш факс. Напішыце афіцыйны запыт наконт таго, да каго ў вас ёсць прэтэнзіі: прозвішча фігурыста, калі каталіся, дзе каталіся, чыя музыка была выкарыстана, назва кампазіцыі. Вось калі ўсё гэта будзе напісана – мы будзем разбірацца".

Тым часам, як раз да самой фігурысткі, Юлі Ліпніцкай, Drum Ecstasy прэтэнзій не мае. Хоць Юля і парушыла правы на выкарыстанне фанаграмы, але як "артысты артыста" музыканты вырашылі фігурыстку не караць.

Філіп Чмыр: "Вядома, артыстам таксама трэба пытацца, ці можна выкарыстаць вашу фанаграму. Фанаграма – гэта таксама чыясьці маёмасць. А ёсць жа яшчэ і гаспадары фанаграмы – музыканты, якія яе запісалі. На дыску напісана "Для прыватнага праслухоўвання". Таму, каб ўзяць фанаграму, трэба яе ўзгадніць. Гэтага яны таксама не зрабілі. Але за гэта мы на іх не крыўдуем – мы самі прыхільнікі таго, каб фанаграмай можна было карыстацца. Але тут таксама ёсць пытанні, спорт жа гэта свайго роду камерцыя. Тады санкцыі пойдуць канкрэтна на фігурыстку ці яшчэ каго. Гэтага мы рабіць не будзем".

А вось у адносінах да Расійскага аўтарскага таварыства Drum Ecstasy мае вялікія прэтэнзіі. Яшчэ ў 2004 годзе гурт не атрымаў грошай за музыку да нашумелага фільма "Ночной дозор". У той сітуацыі Расійскае аўтарскае таварыства атрымала грошы праз суд, але з музыкантамі не разлічылася. Гэта і стала прычынай выхаду гурта Drum Ecstasy з таварыства.

Філіп Чмыр: "Чамусьці яны лічаць, што тое, што яны атрымалі праз суд, яны пакідаюць сабе, не дзелячыся з аўтарамі. Зараз мы не пакінем Расійскаму аўтарскаму таварыству на рахунку ніводнага цэнта, таму што мы іх не любім".

Вядомы расійскі фігурыст, прызёр Алімпійскіх гульняў і трэнер Аляксандр Жулін заверыў Еўрарадыё, што не было яшчэ ніводнага выпадку, калі музыканты скардзіліся на выкарыстоўванне ўласнай музыкі падчас спаборніцтваў.

Аляксандр Жулін: "Вось калі ты пры дапамозе гэтага зарабляеш грошы, ездзіш у турнэ, то там узнікаюць праблемы. Ці калі гэта тэлевізійнае шоў. Калі аўтар музыкі жывы і мае поўныя эксклюзіўныя правы на музыку, гэта вырашаецца ледзь не ў судзе".

Што тычыцца сітуацыі з выступам Юлі Ліпніцкай пад музыку Drum Ecstasy – тут не судзіцца трэба, а ганарыцца, лічыць Аляксандр.

Аляксандр Жулін: "Юля Ліпніцкая не зарабляе ніводнай капейкі на гэтым. Таму гэтыя вашы беларускія музыканты павінны радавацца, што іх музыку ўзялі і прапагандуюць па тэлебачанні".

Фота: http://www.single-photo.com


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі