ДАІшнікі змагаюцца з кіроўцамі, якія здымаюць іх на відэа

У віцебскай ДАІ вывесілі партрэт кіроўцы, які здымае дарожных інспектараў на відэа і выкладае яго ў інтэрнэт, паведамляецца на форуме праваабарончага сайта "Стоп-ДАІ".

Ці сапраўды такія ўлёткі распаўсюджваюць сярод віцебскіх ДАІшнікаў, Еўрарадыё пацікавілася ў начальніка аддзела дарожна-патрульнай службы і прафілактыкі Ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Віцебска Ігара Бароха.

Ігар Бароха:
“У нас у класе я асабіста такога не бачыў. Не ведаю, але наўрад ці такое можа быць”.



У той жа час ён прызнаўся, што яны перагледзелі ўсю нарматыўна-прававую базу, каб знайсці дакумент, на падставе якога можна забараніць кіроўцу здымаць інспектара.

Ігар Бароха:
“Мы спрабавалі знайсці нарматыўныя акты, якія абараняюць супрацоўнікаў унутраных спраў, у тым ліку інспектараў ДПС, на жаль, такіх актаў мы не знайшлі. Аб забароне відэаздымкі, да прыкладу, дзеянняў супрацоўнікаў”.

Па яго словах, не знайшоўшы ніякіх нарматыўных актаў на гэты конт, супрацоўнікі ДАІ супакоіліся і не забараняюць кіроўцам здымаць іх на відэа. Тым больш, кажа, калі яны дзейнічаюць законна і спынілі аўтааматара за канкрэтнае парушэнне правілаў.

У той жа час прызнаўся, што асабіста яму непрыемна, калі яго падчас працы пачынае на відэа альбо тэлефон здымаць абсалютна незнаёмы чалавек.

А вось мінская ДАІ знайшла выйсце, нягледзячы на тое, што закон не забараняе весці відэаздымку інспектараў. Па словах супрацоўніка прэс-службы мінскай ДАІ Юрыя Краснова, каб спыніць здымку, інспектару дастаткова паведаміць кіроўцу пра яго парушэнне.

Юры Красноў:
“Калі вадзіцелю аб’явілі пра тое, што ён нешта парушыў, аб’явілі яго правы і абавязкі па Кодэксе і пачалі афармляць адміністрацыйнае правапарушэнне — усё, з гэтага моманту кіроўца павінен падаць хадайніцтва, на словах альбо пісьмова, пра тое, што ён хоча весці відэаздымку. А інспектар альбо адхіляе хадайніцтва, альбо прымае яго”.

Калі ж інспектар забараніў яго здымаць, а вы не паслухаліся, то адным штрафам за парушэнне Правілаў дарожнага руху справа можа не абысціся.

Юры Красноў:
“Калі грамадзянін не выконвае патрабаванні супрацоўніка міліцыі, то да яго могуць быць прымененыя меры іншыя. Гэта парушэнне Адміністрацыйнага кодэкса — за гэта таксама ёсць адказнасць: невыкананне патрабаванняў службовай асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс”.

А за гэта адміністрацыйнае парушэнне можна патрапіць “на суткі”.

У той жа час абодва суразмоўцы Еўрарадыё прызналі існаванне нормы, у адпаведнасці з якой “дзейнасць супрацоўнікаў унутраных спраў з’яўляецца адкрытай для грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі”.

У сваю чаргу адміністратар сайта "Стоп-ДАІ" Аляксандр кажа, што без парушэнняў з боку інспектараў не абыходзіцца, таму і важна здымаць іх дзеянні на відэа. І прычына, кажа, у тым, што супрацоўнікі ДАІ дакладна не ведаюць нарматыўнай базы, у адпаведнасці з якой павінны працаваць.

Аляксандр: “Літвін (начальнік ДАІ Беларусі — аўт.) расказаў, што па Пастанове №333 “Аб арганізацыі дзейнасці ДПС, якая пачала дзейнічаць з 1 студзеня 2010 года, усе супрацоўнікі ДПС здалі іспыт. Учора быў у Ленінскім ДАІ — там не тое што ДПСнікі, а нават камандзіры ўзводаў пра яе толькі чулі, але не бачылі. І гэтыя пастановы ляжаць у сейфах начальнікаў раённых аддзелаў ДАІ”.

І таму, кажа, першае, што робяць інспектары ДАІ, калі бачаць, што іх здымаюць, — забараняюць гэта рабіць.



Пра адзін з выпадкаў, калі кіроўца здымаў інспектараў ДАІ на відэа і з дапамогай гэтага абараніў свае правы, Еўрарадыё пісала раней.

Еўрарадыё пра ДАІ:

Проигравшее суд ГАИ отыгралось на водителе (видео)

ГАИ измеряет тонировку с нарушением закона?


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі