Чаму ў Беларусі не прадаюць кіно ад “Беларусьфільма”?

Еўрарадыё зацікавілася: ці можна ў Беларусі набыць беларускае кіно? З гэтым пытаннем мы накіраваліся ў сталічныя крамы. Паводле словаў Аляксандра, адміністратара крамы “Дынамік”, кіно ад “Беларусьфільма” ў іх фактычна не бывае.

Аляксандр: “Што тычыцца беларускіх фільмаў, то толькі “Чорны замак Альшанскі” — гэта адзіны фільм, калі не памыляюся, які трапляецца. А так іх амаль няма. Праўда, “Снайпер” нядаўна быў з Пяўцовым — і ўсё. Іх проста мала робяць і мала выпускаюць. Яны ("Беларусьфільм" — ЕРБ) ні з кім не супрацоўнічаюць ці што, я не ведаю, што з імі. Ды, па шчырасці, яны і не карыстаюцца вар’яцкім поспехам. Што яшчэ было? “Маёр Ветраў” прадаваўся нармальна — наш беларускі фільм”.



Няма прадукцыі “Беларусьфільма”, за выключэннем стужак, зробленых за савецкім часам, і ў краме “Містэрыя гука”. На думку адміністратара Сяргея, гэта выклікана тым, што DVD з айчынным кіно выдаюцца вельмі малымі накладамі. Але, кажа, калі б была добрая рэклама фільмаў, то і прадукцыю беларускай кінакампаніі гледачы набывалі б.

Сяргей: "Я думаю, што цікаўнасць была б, калі б была адпаведная рэклама. Возьмем тую ж “Анастасію Слуцкую” — там маркетынг быў дастаткова сур’ёзны. Тады ўсё стваралася з вялікім размахам, была рэклама, быў пракат, яго набывалі. Апроч яго, адзіны фільм, якім людзі зацікавіліся, які пастаянна пыталіся, ізноў-такі за кошт асвятлення ў прэсе, быў фільм… Ды і асвятленне гэтае было звязанае не з самім фільмам, а з тым, хто ў ім здымаўся. Называўся фільм… нешта там пра ката…"

ЕРБ: “На спіне ў чорнага ката”?

Сяргей:
“Так. Гэта адзіны фільм, які зацікавіў людзей — праўда, з іншых матываў. А так нават мы не ведаем, што робіцца з “Беларусьфільмам”.

Патлумачыць адсутнасць у продажы прадукцыі “Беларусьфільма” Еўрарадыё папрасіла прэс-сакратара кінакампаніі Валянціну Белякову. Паводле яе словаў, кампанія проста не мае права тыражаваць сваю прадукцыю, бо ў яе няма адпаведнай ліцэнзіі. І таму калі вы бачылі нейкія беларускія фільмы на DVD, можна быць упэўненым — яны пірацкія. А прывозяць іх з Расіі. Самае цікавае, што там іх выдаюць легальна, але без права продажу на тэрыторыі Беларусі. І таму, трапляючы сюды, дыскі з беларускім кіно становяцца пірацкімі.

Валянціна Белякова: “Дняпроўскі рубеж”, “Снайпер” — вы іх не пабачыце ў крамах, вы іх можаце ўбачыць толькі ў піратаў, якія прадаюць з рук. Гэта проста пірацкія дыскі. Паедзьце, паглядзіце на "Ждановічы". У нас, проста каля кінастудыі “Беларусьфільм”, прыходзіць, раскрывае свой латок з дыскамі — і там я на ўласныя вочы бачыла “Дняпроўскі рубеж”. Яны нават не саромеюцца. Побач ходзіць дзядзька міліцыянер і робіць выгляд, што нічога не бачыць”.



Праўда, прадстаўніца кінакампаніі абяцае, што самым бліжэйшым часам сітуацыя зменіцца: “Беларусьфільм” падпісаў пагадненне з фірмай “Вігма” на тыражаванне сваіх фільмаў. І стужка “Дастыш фантастыш” стала першым дзіцём гэтага творчага саюзу.

Валянціна Белякова: “Дастыш фантастыш” стала першай карцінай — рэжысёр пагадзіўся пайсці на гэта. Потым будуць выдавацца карціны апошніх 2-3 гадоў. І цалкам магчыма, што напрыканцы года з’явяцца на DVD фільм “Ваўкі”, “Масакра” тая ж. Магчыма, на пачатку наступнага года, але ў кожным выпадку ўсё будзе дастаткова аператыўна”.

Як распавяла дырэктар кампаніі “Вігма” Ірына Ародзь, “Дастыш фантастыш” выдадзены пробным накладам у 2 тысячы асобнікаў. А ўвогуле, кажа, планы на супрацоўніцтва з “Беларусьфільмам” вялікія.

Ірына Ародзь: “Фільм выдалі звычайным беларускім накладам — як у Беларусі прадаецца, так мы і выдаём. А ўвогуле планы вялікія, і на кожны індывідуальны фільм будзе заключацца пагадненне на пэўны наклад, як гэта і ва ўсім свеце адбываецца”.

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка расказаў Еўрарадыё, што праца над яго новым фільмам “Масакра” знаходзіцца на завяршальнай стадыі. І прызнаўся, што думаў над выпускам стужкі на DVD, над тым, каму прадаць фільм. Але глядзіць у бок Расіі, а не “Вігмы”.

Андрэй Кудзіненка: “Можна ў Маскве добра прадаць. У мяне продаж адзін быў фільма “Розыгрыш” – відэакампанія Першага канала заплаціла за выпуск на DVD 700 тысяч долараў. І АРТ заплаціла 600 тысяч. Колькі плаціць тая “Вігма”? Я сумняваюся, што яна плаціць нешта значнае”.

Згодна з ягонымі словамі, беларускім рэжысёрам даводзіцца самім клапаціцца пра тое, як і каму прадаць сваю кінастужку, бо рэкламна-маркетынгавы аддзел “Беларусьфільма” практычна не працуе.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі