Беларусы адзначаюць Радаўніцу

Радаўніцу святкуюць праз тыдзень пасля Пасхі, у аўторак. У гэты дзень уся сям’я ўшаноўвае магілы памерлых продкаў. Спачатку блізкіх памінаюць у царкве, а пасля ідуць на могілкі. Трапеза на месцы пахавання родных — звыклы рытуал свята. Лічыцца таксама, што крыху ежы трэба пакінуць на магіле для нябожчыка, у тым ліку фарбаванае велікоднае яйка.

Дарэчы, такі звычай праваслаўная царква не ўхваляе і заклікае вернікаў абмяжоўвацца толькі малітвай аб супакоі душы памерлых і добрымі справамі ў памяць аб іх. Адна з такіх справаў — навесці на магіле парадак, прыбраць яе. Зрэшты, гэта вельмі часта робіцца напярэдадні, у гэтак званую Жывую Радаўніцу, або за некалькі дзён да свята.

Радаўніцу ў беларусаў называюць яшчэ Наўскім Вялікаднём. Назва паходзіць ад старажытнаславянскага слова “наўе” — “дух нябожчыка”. Існавала шмат язычніцкіх звычаяў, звязаных з гэтым святам. Напрыклад, калі прыбіралі магілу мужчыны, то на крыж навязвалі ручнік, калі гэта было месца пахавання жанчыны — невялічкі белы фартушок, калі дзяўчыны — прымацоўвалі да крыжа вянок.

Пасля могілак ужо дома ладзіліся застоллі са спевамі, танцамі і гульнямі. Але гэта не лічылася святатацтвам, а мела рытуальнае значэнне — пераадолець смерць, не дапусціць страху перад ёй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі