"Аднаполым парам таксама патрэбныя сацыяльныя гарантыі"

120517 Eurafokus.mp3

У міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй ЛГБТ-супольнась нагадвае, што ў Беларусі гомасексуалы дагэтуль не адчуваюць сябе камфортна. Актывіст руху Вячаслаў Бортнік адзначае, што Беларусь знаходзіцца на адным з апошніх месцаў у Еўропе паводле спрыяння ЛГБТ-супольнасцям.


Вячаслаў Бортнік: “Цяпер Беларусь займае адно з найгоршых месцаў у Еўропе. Мы падзяляем 9-10-ае месца разам з Ліхтэнштэйнам. Усё ж такі мы не самыя горшыя, бо сітуацыя ў Малдове ці ў Расіі яшчэ горш”. 


Сярод выпадкаў дыскрымінацыі гей-актывісты называюць звальненні з працы за спрыянне гомасексуалам. Напрыклад, у нас няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. І фактычна прадстаўнікі сексуальных меншасцяў не абароненыя ў сітуацыях, калі іх звальняюць з працы. Іх таксама могуць збіць на вуліцы, і ні ў каго да гэтага не будзе пытання. 


Бадай найважнейшым пунктам у барацьбе гомасексуалаў за свае правы з’яўляецца патрабаванне легалізаваць аднаполыя шлюбы. Актывістка ініцыятывы Гей-Беларусь Наталля Манькоўская кажа, што рэч перадусім у сацыяльных правах, якія надае інстытуту сям’і дзяржава.


Наталля Манькоўская: “У першую чаргу, пытанне рэгістрацыі шлюбу – гэта пытанне сацыяльных гарантый. Хаця апошнім часам мноства гетэрасексуальных пар жывуць без шлюбу, тым не менш узнікаюць дробныя бытавыя пытанні, на якія, жывучы з каханым чалавекам, і калі мы здаровыя ды шчаслівыя, мы не звяртаем увагі”. 


Сярод такіх бытавых пытанняў Наталля Манькоўская пералічыла падзел маёмасці пры разводзе, спадкаванне маёмасці пасля смерці аднаго з партнёраў, права прадстаўляць партнёра ва ўстановах, ды прымаць рашэнні за партнёра ў патрэбных выпадках.


Але апроч сацыяльнага аспекту ў праблеме існуе аспект і філасофска-рэлігійны. Паводле хрысціянскіх цэркваў, напрыклад, мэтаю шлюбнага саюзу дваіх людзей з’яўляецца нараджэнне дзяцей, а гэта немагчыма ў выпадку аднаполага шлюбу. У краінах, дзе Царква мае большую сацыяльную вагу,чым у Беларусі, гэты аспект таксама заўважны. Але і ў Беларусі здаралася, што знявераныя бацькі ад гомасексуалізму ішлі лячыць сваіх дзяцей у цэрквы. Адзін такі выпадак узгадвае кіраўнік ініцыятывы “Гей-Беларусь” Сяргей Андросенка:

Сяргей Андросенка: “Калі маці стала вядома, што сын гомасексуальны, яна спачатку адвяла яго да доктара. Калі не знайшла той падтрымкі, якой хацела, яна пачала яго вадзіць па гарадзенскіх цэрквах, дзе мелі месца рытуалы выгнання дэмана”. 


Як мы ведаем, даўней у свеце гомасексуалізм спрабавалі лячыць як хваробу. Але цяпер у Беларусі хваробай ён не прызнаецца. Сяргей Андросенка кажа, што пацверджанне гэтага яго рух атрымаў з Міністэрства аховы здароўя. 

Сяргей Андросенка: “Сама па сабе гомасексуальная арыентацыя хваробай не з’яўляецца. Пра гэта ў нас ёсць адказ беларускага Міністэрства аховы здароў’я”.


Таму, дыскрымінацыя людзей, якія маюць гомасексуальныя схільнасці, не прапісаная ў беларускіх законах ды вынікае, збольшага, са стаўлення грамадства да з’явы. На гэтай глебе збольшага і працуе ЛГБТ-супольнасць у Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі