Рэдактараў дзяржаўных газет на сумоўі па журналістыцы не помніў амаль ніхто

У БДУ прайшлі першыя прафесійна-псіхалагічныя сумоўі, на якіх для абітурыентам-журналістам трэба было ведаць не толькі імя Паўла Якубовіча, але і як працуе БРСМ на месцах. “Усё прайшло нармальна і спакойна. Не з’явіліся 103 чалавекі з больш чым з 1200 зарэгістраваных. 5 не атрымалі рэкамендацыі” – паведамілі Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі БДУ.

Апроч пяцёх, усе ахвотныя прайшлі выпрабаванні. Еўрарадыё паразмаўляла з Наталляй. Дзяўчына праходзіла сумоўе па спецыяльнасці “журналістыка” і распавяла нам пра асноўныя пытанні, якія задаваліся на сумоўі:

Наталля: "Самае галоўнае, што прасілі распавесці – гэта тое, чаму вы павінны стаць журналістам і чаму выбіраеце менавіта гэты факультэт. У мяне пыталіся, ці я друкуюся, якія газеты ведаю. Усе цэнтральныя газеты трэба было назваць. Плюс трэба было назваць галоўных рэдактараў. Канешне, гэтага амаль ніхто не памятаў, аднак Якубовіча ведалі ўсе. Потым пыталі, што б ты рабіў, калі меў нецікавую тэму. У прынцыпе, адносіны былі добрыя, хаця не абышлося і без падступных пытанняў, напрыклад, як у вас працуе БРСМ".

Па словах дзяўчыны, у калідорах ВНУ было шмат незадаволеных бацькоў, якія так і не зразумелі, навошта іх прымусілі ехаць такі вялікі шлях дзеля 7-10-хвіліннай размовы. Яны разглядаюць сумоўе як звычайную фармальнасць.

Сярод тых, каму не пашчасціла атрымаць рэкамендацыю, трое спрабавалі патрапіць на “правазнаўства”, адзін – на “міжнародныя адносіны” і адзін на “журналістыку”. Апошнім быў Франак Вячорка, які проста не мае патрэбы ў праходжанні сумоўя. Па словах камісіі, ён павінен проста аднавіцца на факультэце журналістыкі БДУ.

Нагадаем, наступныя этапы прафесійна-псіхалагічных сумоўяў для яшчэ 2 тысяч абітурыентаў БДУ пройдуць 12 і 19 красавіка. У тых жа, хто не змог з’явіцца па паважных прычынах, таксама існуе рэзэрвовы дзень – 30 сакавіка.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максма Танка прафесійна-псіхалагічныя сумоўі пройдуць 8 красавіка. Усяго там на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Журналістыка” зарэгістравалася крыху больш за 90 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі