Работнікі кобрынскай аўтабазы дамагаюцца, каб яе прызналі ліквідаванай
Першую перамогу кобрынцы ўжо атрымалі. Брэсцкі абласны суд падтрымаў іх, каб “справу аб лакаўце” разглядалі не ў Пінску, а ў Кобрыне.
Адміністрацыя пінскай фірмы “Водбудаўтасервіс” звольніла з працы работнікаў свайго кобрынскага філіялу. 34 работнікі аўтабазы звярнуліся ў суд. З ініцыятывы адміністрацыі базы кобрынскі суд пераадрасаваў справу ў Пінск.
Прычынай звальнення ў працоўныя кніжкі запісалі фармулёўку “За адмову ад пераводу ў іншую мясцовасць разам з наймальнікам”. А перавод аўтабазы ў Пінск патлумачылі нерэнтабельнасцю ўзімку. Ужо былыя работнікі аўтабазы мяркуюць, што звальненне мае прыкметы махлярства. Ездзіць на працу за 170 кіламетраў фізічна немагчыма. Былы кіроўца Мікалай Крывулец кажа:
Крывулец: "Было аб’яўлена, што тэрыторыя аўтабазы, усё прадаецца. Аднаго дня прыязджаюць з Пінска людзі. Аўтобусам, іхнія кіроўцы, іхняе кіраўніцтва. Дырэктар камандуе: “Усім заліць ваду і стаяць каля аўтамабіляў”. Селі, завялі... Нават металалом закідалі ў кузавы. Забралі транспарт. Цераз нейкі час скінулі нам факсам паведамленне, што мы пераводзімся на працу ў іншую мясцовасць".
Работнікі дамагаюцца, каб аўтабазу прызналі ліквідаванай, а ім выплацілі выходную дапамогу за тры месяцы і маральную кампенсацыю.
Пры разглядзе іх скаргі калегія абласнога суда адзначыла, што дырэктар Кобрынскай аўтабазы, фактычна, не абараняе інтарэсы калектыву і перанос справы ў Пінск зманіпуляваны. Падставай назвалі тое, што аўтабаза атрымала новы юрыдычны адрас у сакавіку, а звольненыя працаўнікі падалі пазоў яшчэ ў лютым.