Прадстаўнік ЕС пацвердзіў, што рыхтуецца чацвёрты пакет санкцый па Беларусі

Прадстаўнік ЕС пацвердзіў, што рыхтуецца чацвёрты пакет санкцый па Беларусі

ЕС вядзе працу па падрыхтоўцы 4-га пакета санкцый у дачыненні да Беларусі. Пра гэта 20 красавіка заявіў прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Люк Дэвінь. Ён выступаў на адкрыцці 9-й сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (яна праходзіць у анлайн-фармаце).

"На жаль, даводзіцца і далей толькі шкадаваць, што з часу фальсіфікацыі выбараў у жніўні мінулага года ўлады Беларусі прытрымліваюцца выключна курсу жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да сваіх грамадзян, а не дыялогу, цытуе словы Дэвіня БелаПАН. — Мы і далей цвёрда салідарызуемся з народам Беларусі, вядзем палітыку нулявой цярпімасці ў дачыненні да рэпрэсій і беспакаранасці вінаватых у іх".

Ён дадаў, што ў Бруселі спадзяюца на вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі (іх больш за 350). "Мы таксама цяпер працуем над наступным санкцыйным пакетам", — падкрэсліў прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Першы пакет санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска быў уведзены Еўрасаюзам у пачатку кастрычніка 2020 года. Абмежавальныя меры прадугледжваюць забарону на паездкі ў ЕС і замарозку актываў асобаў з "чорнага спіса", які цяпер налічвае 88 чалавек (ён быў пашыраны другім і трэцім пакетамі санкцый у лістападзе-снежні), уключаючы Аляксандра Лукашэнку, а таксама замарозку актываў сямі арганізацый.

Ніводнага еўра ўраду Лукашэнкі! — заявіў восенню мінулага года кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі