Пасля смерці Навальнага Пуцін узнагародзіў аднаго з кіраўнікоў ФСВП

Пра смерць Аляксея Навальнага стала вядома 16 лютага

Пра смерць Аляксея Навальнага стала вядома 16 лютага / "Настоящее время"

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прысвоіў спецыяльнае званне генерал-палкоўніка ўнутранай службы намесніку дырэктара Федэральнай службы выканання пакаранняў Валерыю Баярыневу. Указ Пуціна быў падпісаны 19 лютага — праз тры дні пасля смерці ў калоніі палітыка Аляксея Навальнага, самага яркага апанента расійскага рэжыму.

Прыхільнікі Навальнага нагадваюць, што менавіта Баярынеў асабіста аддаваў загады па абмежаванні правоў палітыка ў калоніі. Гэта высветлілася на пасяджэнні суда ў ліпені 2023 года. Аказалася, што Баярынеў адправіў у калонію №6 ва Уладзімірскай вобласці, дзе тады адбываў тэрмін палітык, распараджэнне абмежаваць суму, на якую Навальны можа купляць ежу ў зняволенні.

Нагадаем, пра смерць Аляксея Навальнага стала вядома 16 лютага. Ён памёр у калоніі "Палярны воўк" у пасёлку Харп. Расійскі прапагандысцкі тэлеканал RT са спасылкай на нейкую крыніцу практычна адразу ж паведаміў, што ў апазіцыянера адарваўся тромб. Пры гэтым заходнія палітыкі наўпрост абвінавацілі Уладзіміра Пуціна ў забойстве апанента. Варта адзначыць, што бацькам палітыка пакуль адмаўляюцца аддаваць яго цела. Маці Навальнага Людміла з суботы знаходзіцца ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе і спрабуе забраць цела сына. Яна некалькі разоў спрабавала разам з адвакатамі трапіць у морг Салехарда, але яе туды не пусцілі. У СК РФ кажуць, што не выдадуць цела цягам найбліжэйшых двух тыдняў праз правядзенне "хімічнага аналізу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі