Пошліны на аўтамабілі падвысяць з-за іранскіх “Самандаў”?

У сераду намеснік міністра прамысловасці Валянцін Гурыновіч заявіў, што ў Беларусі збіраюцца ў бліжэйшы час падвысіць пошліны на ўвоз імпартных аўтамабіляў. На колькі -- намеснік міністра не ўдакладніў. Але “супакоіў”, што падвышаць іх да расійскага ўзроўню не плануецца. Намеснік міністра нават прыблізна не назваў тэрміны, калі такое падвышэнне адбудзецца. Па ўдакладненні Еўрарадыё звярнулася да кіраўніка прэс-службы Міністэрства прамысловасці Аляксандра Балышова. Па яго словах, ідэя падвысіць пошліны на імпартныя аўтамабілі блукае па міністэрстве даўно. Але тое, што Валянцін Гурыновіч выказаў яе як амаль вырашаны факт, здзівіла кіраўніка прэс-службы.


Аляксандр Балышоў:
“Я даводжу да журналістаў меркаванне кіраўніцтва міністэрства. Пакуль ніякага меркавання па гэтым пытанні няма, я нічога не чуў. І не размаўляў з Гурыновічам на гэты конт. Пытанне гэта абмяркоўваецца даўно. Яно то ўзнікае на паверхні, то ізноў некуды знікае… Цяжка казаць, давайце пачакаем”.


Эксперты звязваюць чарговае вяртанне да тэмы падвышэння пошлінаў на ўвазімыя імпартныя аўтамабілі з праблемамі на заводзе “Юнісон”, дзе збіраюць іранскія аўтамабілі “Саманд”. На беларускім рынку беларуска-іранскі “скакун” каштуе 12,5 тысяч долараў. Прадукцыя не карыстаецца попытам, як чакалася. Чыноўнікі мяркуюць, што з-за нізкіх пошлін. Нібыта, калі пошліны падвысяць, а адпаведна вырастуць і кошты на імпартныя аўтамабілі, то беларусы перасядуць на аўтамабілі мясцовай зборкі.


Тое, што жаданне падвысіць пошліны існуе ў чыноўнікаў даўно, Еўрарадыё пацвердзіў і выпускны рэдактар газеты “Автобизнес” Сяргей Міхайлаў. Але праблемы продажу “Самандаў” ён не ставіць на першае месца. На яго думку, беларускія ўлады найперш клапоцяцца аб папаўненні бюджэту.


Сяргей Міхайлаў:
“Ва ўрада існуе звышзадача: зменшыць адмоўнае гандлёвае сальда. Хаця б на будучы год. А паколькі да мільярда долараў сыходзіць на аплату аўтамабіляў, то тут ёсць пра што падумаць. Што можна зрабіць? Падвысіць пошліну. Падвысіўшы пошліны, спадзяюцца зменшыць увоз, і адначасова павялічацца адлічэнні ў бюджэт за растаможку аўтамабіляў”.


На думку эксперта з “Автобизнеса”, калі пошліны і падвысяць, то не нашмат. Узроўню расійскіх беларускія пошліны не дасягнуць. Каб іх ураўняць, беларускія неабходна будзе падвысіць амаль у 3 разы.


Сяргей Міхайлаў:
“Да расійскіх яны не дойдуць, бо гэта адразу трэба падвысіць амаль у 3 разы. Па папярэдніх павышэннях кошту растаможкі на 300-500 долараў бачна, што так яно праходзіць бязбольна”.


Як стала вядома Еўрарадыё, менавіта ў гэтыя дні праходзяць перамовы паміж міністрам прамысловасці Анатолем Русецкім і прэзідэнтам кампаніі “Іран Ходра” Манучэхрам Мантэгі. Тэма перамоў -- набыццё апошнім часткі дзяржаўных акцый у абмен на абсталяванне. На думку Сяргей Міхайлава, тое, што намеснік міністра зрабіў заяву аб падвышэнні пошлін менавіта зараз, звязана з гэтымі перамовамі. Такім чынам ён хацеў узмацніць пазіцыі міністра на перамовах. Толькі, кажа супрацоўнік “Автобизнеса”, падаражэнне імпартных аўтамабіляў не зробіць “Саманд” больш прывабным для пакупнікоў.


Сяргей Міхайлаў: “Саманд” проста не мае попыту. У яго недастаткова спажывецкіх якасцяў, каб яго нехта набываў за прапанаваны кошт”.


Лагічна вынікае, што лепш было б знізіць на “айчынна-іранскія” аўтамабілі кошт, чым падвышаць пошліны на ўвазімыя аўтамабілі. Эксперт “Автобизнеса” лічыць, што беларускія чыноўнікі на такі крок проста не здольныя. Яны прывыклі выходзіць з сітуацыі іншым чынам: напрыклад, падаткавымі ільготамі на прадукцыю. Калі б давялося растаможваць новы "Саманд", кошт яго павысіўся б на 1050 долараў і вырас да 13550 долараў. Кіраўнік прэс-службы Міністэрства прамысловасці Аляксандр Балышаў адмовіўся гаварыць на гэту тэму і накіраваў з пытаннямі да генеральнага дырэктара завода “Юнісон” Дзмітрыя Ягорава. Але той на працягу цэлага дня быў на “планавай нарадзе”. Праўда, сакратарка прызналася, што пачалася яна пасля таго, як дырэктару пачалі з самай раніцы тэлефанаваць журналісты.


Даведка Еўрарадыё

Сённяшнія кошты растаможкі за 1 кубічны сантыметр

На першы прывезены на працягу каляндарнага года аўтамабіль

Узрост аўтамабіля 3 года і менш:

Не больш за 1500 куб. см уключна -- 0,6 еўра. Звыш за 1500 куб. см, але не больш за 2500 куб. см -- 0,7 еўра. Звыш 2500 куб. см -- 0,75 еўра за куб см.

Ад 3 да 10 гадоў уключна:

Не больш за 1500 куб. см уключна -- 0,35 еўра. Звыш 1500 куб. см, але не больш за 2500 куб. см -- 0, 4 еўра. Звыш 2500 куб. см -- 0,6 еўра

Ад 10 да 14 гадоў
Незалежна ад аб’ёму рухавіка -- 0,75 еўра

Больш за 14 гадоў

Незалежна ад узросту -- 2 еўра

Другі і больш аўтамабілі за год


3 гады і менш
Менш за 2500 куб -- 3,5 еўра. 2500 куб. см і больш -- 5 еўра

Ад 3 да 7 гадоў уключна

Менш 1000 куб. см -- 0, 85 еўра. Ад 1000 да 1500 куб. см -- 1 еўра. Ад 1500 уключна да 1800 куб. см -- 1,5 еўра. Ад 1800 уключна да 3000 куб. см – 2 еўра. 3000 куб. см і больш -- 2,25 еўра

Больш за 7 гадоў

Да 2500 куб. см -- 2 еўра. 2500 куб. см і больш -- 3 еўра

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі