Пасля Вялікага паста беларусы кінуліся скупляць лекі для мужчынскай сілы

Сілдэнафіл — гэта якраз тое самае рэчыва, якое стымулюе патэнцыю. Таблеткі прадаюцца пад рознымі брэндамі, самы вядомы з якіх — “Віягра” вытворчасці амерыканскай кампаніі “Pfizer”. Самы папулярны сілдэнафіл айчыннага паходжання называецца “Віясіл”. Менавіта за ім і пацягнуліся ў аптэкі беларускія кавалеры...

“У лютым 2010 года беларусы набылі на 1 тысячу пакункаў больш, чым у студзені, —
распавядае Юрый Грыгор’еў, начальнік аддзела маркетынгу кампаніі “Лекфарм”, вытворцы “Віясіла”. — У сакавіку — столькі ж, колькі ў лютым. А за красавік продажы “Віясіла” ўзняліся адразу на 12 тысяч пакункаў, ці больш чым на 30%!”

Людзі, якія маюць дачыненне да вытворчасці і гандлю сілдэнафіламі, вынайшлі дзіўную рысу беларускага менталітэту: сексуальная актыўнасць нашых суайчыннікаў ніяк не праяўляецца ад пачатку вясны да Вялікдня. Праз талерантнасць гэта ці праз рэлігійнасць — сказаць складана. Але да Вялікага паста беларусы — ні-ні! Затое пасля...

Каб даведацца, ці сапраўды вясна падштурхнула попыт на “Віягру” і яе джэнерыкі, карэспандэнт Еўрарадыё здзейсніў рэйд па мінскіх аптэках. І ў першай жа натрапіў на неспадзяваны адказ:

Аптэкарка: “Павялічыліся продажы флуканазолаў. Дыфлюканаў... Гэта антыбіётыкі, якія забіваюць малочніцу і іншыя інфекцыі палавой сферы. Што ж датычыцца сілдэнафіла і іншых такіх рэчаў... Нядаўна прыходзілі туркі, шмат “Віягры” замовілі ў мяне. Але пакуль мне яе прыслалі, яны ўжо з’ехалі”.

У іншых аптэках веснавое “абвастрэнне” продажу “Віягры” спраўдзілі без усякіх сумневаў. Але і ўзаемасувязі попыту на прэпараты, якія ўтрымліваюць сілдэнафіл, з дынамікай продажу антыбіётыкаў не адмовілі.

Аптэкар: “Вядома, павялічыліся! І так адбываецца кожны сезон! Кожную вясну продажы “Віягры” ўзрастаюць заўважна. Любяць беларусы адно аднаго! Але на лекі супраць захворванняў, што перадаюцца палавым шляхам, попыт таксама павялічыўся. Разам з попытам на сілдэнафілы”.

Беларусы здолелі перамагчы покліч прыроды і адкласці штогадовую сакавіцкую рэвалюцыю на красавік. Але супраць законаў фармацэўтычнага рынку не пойдзеш: рост продажаў сілдэнафілаў аўтаматычна стымулюе збыт лекаў ад інфекцый, прыдбаных палавым шляхам.

Таму, даражэнькія беларусы, Еўрарадыё шчыра раіць вам: калі ўжо набываеце нятанныя эліксіры мужчынскай сілы — не забывайцеся засцерагацца. Гэта дапаможа вам пазбегнуць нашмат большых выдаткаў на папраўку папсаванага здароўя. А пра рэпутацыю і казаць не будзем...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі