Пасхальнае пасланне Мiтрапалiта Філарэта

Узлюбленыя ў Госпадзе архiпастыры, пастыры, манахi i ўсе верныя дзецi Беларускай Праваслаўнай Царквы!

"...Будзьце цвёрдымi, непахiснымi, заўсёды
будзьце руплiвымi  ў справе Гасподняй,  ведаючы,  што праца ваша не марная перад Госпадам"

(1 Кар. 15: 58) Каля двух тысячагоддзяў таму гэтым жыццесцвярджальным заклiкам святы апостал Павел падбадзёрваў хрысцiян горада Карынфа. Настолькi ж важным застаецца гэтае настаўленне i для нас — усiх тых, хто сёння святкуе Светлае Хрыстова Уваскрэсенне i сведчыць адзiн аднаму i ўсяму свету, што

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

I ў даўнiя часы апостальскага дабравесця, i ў нашы днi гэтыя словы пасхальнага вiтання выказваюць непарушную аснову хрысцiянскай веры. Гэты кароткi сiмвал веры змяшчае сэнс зямнога часу; у iм выказана сутнасць Вечнага Жыцця, якое адкрылася роду чалавечаму праз Трохдзённае Уваскрэсенне Госпада нашага Iсуса Хрыста.

Цуд Уваскрэсення Хрыстовага, якi аднойчы здзейснiўся ў гiсторыi свету, працягваецца заўсёды: i ў жыццi асобнага чалавека, i ў жыццi цэлых народаў. Усе духоўныя шляхi, усе паломнiцтвы думкi i падарожжы душы ў пошуках Бога вядуць у Святы Горад Iерусалiм, таму што адтуль, з Жываноснага Гроба Гасподняга выцякае крынiца вады, "што цячэ ў жыццё вечнае" (Iн. 4: 14).

Многiя з цяперашнiх суайчыннiкаў нашых дакранулiся да тайны Уваскрэсення, на сваiм вяку перажыўшы вялiкi цуд цi, прынамсi, стаўшы яго сведкамi. Дваццаць гадоў прайшло з таго часу, калi ўвесь хрысцiянскi свет, затаiўшы дыханне, сачыў за здзяйсненнем сапраўды пасхальнага таiнства на зямлi нашай Айчыны. Мы памятаем, як па гэтай зямлi на працягу сямi дзесяцiгоддзяў праносiлiся буры багаборнiцтва, уздымалiся вiхуры грамадзянскiх смут, кацiлiся хвалi вогненных ваенных выпрабаванняў...

I вось, нарэшце, у 1988 годзе краiна Саветаў апынулася перад юбiлеем 1000-годдзя Хрышчэння Русi. Гэтая падзея праславiла i асвяцiла землi Святой Русi на стагоддзi, але была адвергнута мяцежным пакаленнем i забыта на дзесяткi гадоў.

Урачыстасцi ў гонар 1000-гадовага царкоўна-гiстарычнага юбiлею сталi лёсавызначальнымi для народаў вялiкай краiны. Праваслаўная Царква была тады ў прамым сэнсе "малым стадам" сярод сваiх суграмадзян. Але мы памяталi абяцаннi Хрыста Спасiцеля i кiравалiся Яго словамi, бо Ён звяртаў iх да сэрца кожнага з нас: "Не бойся, малое стада! бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства" (Лк. 12: 31—32)!

Тады многiя лiчылi, што святкаванне гэтай гадавiны не выйдзе за цесныя ў тыя часы царкоўныя межы i застанецца будзённай падзеяй, якая не будзе мець значэння для "працоўных мас". Але гарачыя малiтвы, духоўныя намаганнi i хрысцiянскiя подзвiгi набожных продкаў нашых не засталiся толькi ў мiнулым. Яны прарасталi ў ХХ стагоддзi парасткамi веры ў свядомасцi людзей, яны арашалi духоўную глебу чалавечых сэрцаў слязамi па страчанай хрысцiянскай спадчыне. Агеньчыкi веры, якiя неспадзявана запальвалiся, нярэдка ператваралiся ў свяцiльнiкi, што прыводзiлi да святла Божага тых, хто не хацеў увесь век блукаць у цемры.

У днi, тыднi i месяцы святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русi сотнi тысяч, а неўзабаве — мiльёны людзей ва ўсiх канцах дзяржавы пачалi ўсведамляць, што ўсе мы, паводле задумы Тварца i паводле слова Апостала, не "масы", а — "суграмадзяне святым i свае для Бога" (Эф. 2: 19).

Векавая памяць абуджалася ў людзях i нагадвала нам, што ўсе мы — адной крывi са сваiмi хрысцiянскiмi папярэднiкамi, i дзякуючы iм, наша кроў таксама супрычасная Крывi Госпада Iсуса Хрыста, якая стагоддзямi абагаўляла целы i душы воiнаў Хрыстовых, грамадзян Святой Русi, падданых Нябеснага Цара.

Сёння, праз дваццаць гадоў, мы сведчым пра здзяйсненне ў канцы 1980-х гадоў цуду духоўнага Уваскрэсення нашай Айчыны. Урачыстасцi ў гонар 1000-годдзя Хрышчэння Русi перараслi ў агульнанароднае Хрышчэнне тых, што пачалi ўсведамляць сябе наследнiкамi вялiкай гiстарычнай спадчыны, пажадалi ўступiць у свае духоўныя правы i прымножыць хрысцiянскую славу продкаў.

Прарочым стала выказванне Маскоўскага мiтрапалiта Фiларэта (Драздова) пра падзею Светлага Хрыстовага Уваскрэсення, якое ён прамовiў у сярэдзiне ХIХ стагоддзя. Велiчным рэхам адгукнулiся на мяжы ХХ i ХХI стагоддзяў словы свяцiцеля: "Пячатка, накладзеная нявер’ем на халодны гроб Госпада, растала ад агню Бажаства, што ў iм таiўся; цяжкi камень спакусы, якi закрываў яго, упаў...".

Адзначаючы ў новых гiстарычных умовах тысяча дваццатую гадавiну Хрышчэння Русi, мы паклiканы ўзгадаць не толькi подзвiг святога роўнаапостальнага князя Уладзiмiра i дзеяннi яго паплечнiкаў. Нам, сённяшнiм, неабходна з асаблiвай яснасцю ўсвядомiць адзiнства купелi Хрышчэння, якiм аб’яднаны братнiя народы Святой Русi.

Мы паклiканы натхнiцца тым надзвычайным духоўным уздымам, якi перажывалi хрысцiянскiя руплiўцы ў 80-я гады мiнулага стагоддзя. Бо тады многiя ўпершыню, а таму — з асаблiвай радасцю адчулi слодыч свабоды, знойдзенай iмi ў Хрысце. У навуковых кабiнетах i ў калiдорах улады, на царкоўных i манастырскiх будаўнiчых пляцоўках i ў вучэбных аўдыторыях, у храмах Гасподнiх i ў сямейных колах адбывалася адраджэнне хрысцiянскага гонару i гiстарычнай годнасцi людзей i народаў.

У час роздумаў пра падзеi тых дзён i тых гадоў, на памяць прыходзяць словы Псалтыра, якiя тлумачаць натхненне людзей: "Што пачулi мы i даведалiся, i бацькi нашы расказалi нам, не скрыем... абвяшчаючы роду наступнаму славу Госпада, i сiлу Яго, i цуды Яго, якiя Ён здзейснiў" (Пс. 77: 3—4).

За дваццаць гадоў Святая Царква, краiна i людзi змянiлiся настолькi значна, што змены, якiя адбылiся па волi Божай, мы называем такiмi словамi, як "Уваскрэсенне" i "Праабражэнне". Бо для нас натуральна суадносiць тое, што адбываецца ў нашым зямным жыццi, з Евангельскiмi падзеямi i з жыццём Iсуса Хрыста.

Кожны з нас паклiканы Мацi-Царквой да асаблiвага асэнсавання пражытага перыяду часу, да гiстарычнай i духоўнай ацэнкi спраў, якiя выкананы, i задум, якiм належыць ажыццявiцца. Менавiта дзеля гэтага ў 2008 годзе ўся паўната нашай Праваслаўнай Царквы будзе праводзiць святкаванне ў гонар 1020-годдзя Хрышчэння Русi.

Як i Уваскрэсенне Хрыстова, адраджэнне Мацi-Царквы i святога Праваслаўя не ўсiмi было ўспрынята з радасцю. Як узводзiлi паклёп на апосталаў, — так бывалi абылганы i хрысцiянскiя падзвiжнiкi нашага часу; як змагалася першахрысцiянская Царква з ерасямi i разнадумствам, — так i ў нашы днi яе ўзрушваюць выбухi сябелюбства i гардынi не толькi мяцежных сыноў веку гэтага, але i людзей унутрыцаркоўнага асяроддзя.

Цярплiвасцю i лагоднасцю пераадольвае Царква такiя хваробы i бязладдзе, бо яны выклiканы грахоўнасцю волi i слабасцю розуму. Наша справа — стаяць у веры i, па прыкладу Хрыста Спасiцеля, цярплiва ставiцца да немачаў чалавечых. Бо i сотнi, i тысячы гадоў справядлiвымi застаюцца словы, сказаныя Госпадам прароку Iезекiiлю: "Цi будуць яны слухаць, цi не будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў прарок сярод iх" (Iез. 2: 3—8).

Узлюбленыя браты i сёстры! Захоўвайце сваю радасць аб Уваскрэсеннi Хрыстовым ва ўсе днi i iмгненнi вашага жыцця! Нясiце яе людзям i шчодра дзялiцеся з iмi яе пладамi! Бо Хрыстос уваскрэс дзеля ўсiх, i нам трэба памятаць, што толькi Яму належыць права выбiраць Сабе наследдзе з асяродку людзей.

Будзем умацоўвацца пасхальнай радасцю ў выпрабаваннях i ў горы, бо ўсё мiне, а радасць Уваскрэсення Хрыстовага не адымецца ў нас!

Вiтаю ўсiх, хто заклiкае iмя Гасподняе i славiць Яго Трохдзённае Уваскрэсенне ў iншых краiнах i народах!

Браты i сёстры, сябры мае! Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Амiнь.

Фiларэт, Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.

Пасха Хрыстова, 2008 год, Мiнск 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі