Памёр Роні Джэймс Дзіа

У Х'юстане раніцай 16 траўня ў 12:45 па беларускім часе ва ўзросце 67 гадоў сканаў Роні Джэймс Дзіа, вакаліст гуртоў Black Sabbath, Rainbow, Elf і лідар сольнага праекту Dio.
У канцы лістапада 2009 года стала вядома, што Дзіа хворы на рак страўніка. Да гэтага ён адмяніў турнэ па Вялікабрытаніі. Жонка музыкі Вэндзі Дзіа адзначыла: "Калі ласка, ведайце, што ён любіў вас усіх, яго музыка будзе жыць вечна".

Нагадаем, Роні Джэймс Дзіа нарадзіўся ў 1942 годзе ў амерыканскім горадзе Портсмут у сям'і італьянскіх эмігрантаў. Прычым яго сапраўднае прозвішча, Падавона, кажа пра тое, што яго продкі паходзяць з італьянскага горада Падуя.

Першым музычным інструментам Дзіа стала труба, якую падарыў яму бацька, пазней ён асвоіў бас-гітару, на якой граў у сваім першым групе The Vegas Kings.

Як вакаліст Дзіа стаў вядомы з новым гуртом Elf, які набыў папулярнасць, выступаючы на разагрэве ў Deep Purple. У той час гітарыстам Deep Purple быў легендарны гітарыст і скандаліст Рычы Блэкмар. Пасля сумесных гастроляў адносіны музыкаў сталі сяброўскімі, і праз некаторы час, пакінуўшы Deep Purple, Рычы Блэкмар далучыўся да музыкаў гурта Elf. Пазней ён пераўтварыўся ў Rainbow, дзе Дзіа быў вакалістам, пісаў тэксты амаль усіх песень і музыку, аднак неўзабаве пакінуў калектыў з-за несупадзення музычных густаў з Блэкмарам і яго цяжкага характару. Дзіа любіў цяжэйшы хэві-метал, у той час як Рычы аддаваў перавагу класічнаму року.

У 1979 годзе Роні Джэймс Дзіа замяніў Озі Осбарна ў Black Sabbath, які на той час быў самым папулярным хеві-метал-гуртом у свеце. Разам з ім Дзіа запісаў альбомы "Heaven and Hell" 1980 годзе і "Mob Rules" 1981-га. Лічыцца, што ў той час ён увёў у моду так званую "казу", жэст у выглядзе "рожак", які ён часта паказваў публіцы на канцэртах. Па словах самога Дзіа, гэты жэст яму паказала бабуля. Паводле падання, "каза" адганяла нячыстую сілу і адводзіла сурокі. А ў спалучэнні з містычнымі тэкстамі Black Sabbath, стварала містычную атмасферу канцэртаў.

Неўзабаве, не жадаючы падладжвацца пад чужыя правілы і густы, вакаліст збірае свой гурт, які атрымаў назву Dio. З гэтым калектывам Роні Джэймс супрацоўнічаў да канца жыцця. Апошні студыйны альбом "Master of the Moon" (Уладар месяца) яны выпусцілі ў 2004 годзе.

А 2 кастрычніка 2005 года гурт Dio сыграў адзіны канцэрт ў мінскім Палацы Спорту.

У 2006 годзе Дзіа ўз'яднаўся з удзельнікамі Black SabbathТоні Аёмі, Віні Апічэ, Гізерам Батлерам  у гурт Heaven and Hell, а напрыканцы мінулага года выйшаў іх альбом The Devil You Know, створаны, па словах усіх удзельнікаў , у лепшых традыцыях Black Sabbath перыяду Дзіа.

Роні Джэймс Дзіа быў адным з заснавальнікаў стылю хэві-метал у сусветнай музыцы. А яго манера выканання дагэтуль застаецца ўзорам для аматараў "металу". Нягледзячы на тое, што рост Дзіа складаў усяго 163 сантыметры, і, здымаючы яго разам з Black Sabbath, фатографы выкарыстоўвалі падстаўку, музыка назаўжды застанецца буйной постаццю ў свеце музыкі.

Фота: farm1.static.flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі