Палітолагі лічаць, што ў 2017-м пацяпленне паміж Беларуссю і Захадам працягнецца

Палітолагі лічаць, што ў 2017-м пацяпленне паміж Беларуссю і Захадам працягнецца

Паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і Захадам у 2017 годзе працягнецца. Такое меркаванне ў каментары агенцтву БелаПАН выказалі беларускія палітолагі.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Валерый Карбалевіч мяркуе, што паміж Беларуссю і ЕС могуць быць падпісаныя нейкія новыя дамоўленасці. Напрыклад, пагадненне па спрашчэнні візавага рэжыму, пра якое ўжо даўно гаворыцца. Раней беларускі бок заяўляў, што ў гэтым дакуменце засталося дапрацаваць толькі тэхнічныя дэталі.

Разам з тым эксперт лічыць, што Мінск і Брусель наўрад ці пачнуць працу над пагадненнем аб партнёрстве. Бо для ЕС гэтае пытанне звязанае з праблемамі правоў чалавека, дэмакратыі і адменай смяротнага пакарання.

У адносінах з ЗША пакуль цяжка рабіць прагнозы, бо ніхто не ўяўляе палітыку новай амерыканскай адміністрацыі. Але, кажа Карбалевіч, альбо захаваецца цяперашняе становішча, альбо пачнуцца паляпшэнні: адменяць санкцыі, вернуць пасла, павялічаць колькасць супрацоўнікаў амбасады.

Старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў у асноўным пагаджаецца з прагнозамі Карбалевіча. На яго думку, Беларусь і ЕС сёлета могуць пачаць перамовы па гандлёвым пагадненні.

Разам з тым палітолаг не чакае рэзкага паляпшэння адносінаў паміж Мінскам і Вашынгтонам. Зняццё санкцыяў і павелічэнне штату амбасады, на думку Мельянцова, патрабуюць працяглага перыяду аднаўлення даверу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі