Вы тут

Паліна Шарэнда-Панасюк прызнаная палітзняволенай

Паліна Шарэнда-Панасюк / spring96.org

Праваабаронцы прызналі палітзняволенай Паліну Шарэнду-Панасюк, асуджаную на два гады пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".

Жанчыну прызналі вінаватай ва ўжыванні гвалту супраць міліцыянтаў і іх абразу, а таксама ў абразе прэзідэнта Беларусі.

Праваабаронцы лічаць, што артыкулы пра абразу неабходна вывесці з Крымінальнага кодэксу. Пераслед і пазбаўленне волі брэсцкай актывісткі па гэтых артыкулах яны лічаць палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання.

"Гвалт супраць міліцыянтаў" быў у тым, што падчас ператрусу з аднаго з іх жанчына сарвала маску, а другога стукнула ў плячо. Гэта не пацягнула ніякіх цялесных пашкоджанняў.

"У адпаведнасці з Канстытуцыяй гарантуецца недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё i іншае законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі.

У адпаведнасці з арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, адвольным або незаконным замахам на недатыкальнасць яго жылля. Кожны чалавек мае права на абарону закона ад такога ўмяшання або такіх замахаў", — пішуць праваабаронцы, заступаючыся за Шарэнду-Панасюк.

Дзеянні міліцыянтаў яны расцэньваюць менавіта як адвольнае ўмяшанне ў жыццё брастаўчанкі. 

Учынак Шарэнды-Панасюк праваабаронцы ацэньваюць так: "Не з'яўляецца злачынствам дзеянне, здзейсненае ў стане неабходнай абароны, гэта значыць, у адпаведнасці з КК, пры абароне не толькі жыцця і здароўя, але і правоў абаранялага або іншай асобы, інтарэсаў грамадства або дзяржавы ад грамадска небяспечнага замаху шляхам прычынення шкоды таму, хто робіць замах, калі пры гэтым не было дапушчана перавышэння межаў неабходнай абароны. Прычыненая шкода — неасцярожная драпіна ў супрацоўніка АУС, відавочна не выходзіць за такія межы і з'яўляецца сувымерным парушанаму пацярпелым праву".

Праваабаронцы заклікаюць перагледзець судовае рашэнне наконт Паліны Шарэнды-Панасюк і гарантаваць ёй справядлівае судовае разбіральніцтва. Яны заклікаюць вызваліць жанчыну з-пад варты пад падпіску. 

Таксама яны заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", "Ініцыятыва FORB", Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі ПЭН-цэнтр.

Дарэчы, муж Паліны Андрэй Шарэнда, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, таксама лічыцца палітзняволеным.

Па стане на 9 чэрвеня ў Беларусі налічваецца 477 палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.