Пад Мінскам разбіўся нямецкі верталёт, які выконваў "мёртвую пятлю"

Трагедыя адбылася ў нядзелю на адкрытым Кубку СНД па верталётным спорце. Пілот загінуў. Трагедыя адбылася на аэрадроме Баравая падчас паказальных выступленняў пры выкананні фігуры вышэйшага пілатажу "мёртвая пятля". Пажар, які ўзнік у выніку падзення верталёта, быў патушаны. Вакол месца катастрофы выстаўленае ачапленне, паведамляе БелаПАН.

БЕЛТА дадае, што нямецкі пілот разбіўся на верталёце MD-500, на якім на спаборніцтвах выступала нямецкая зборная.

Нагадаем, турнір такога ўзроўню ў Беларусі быў арганізаваны ў трэці раз. У ім удзельнічалі 16 экіпажаў з Беларусі, Расіі, Нямеччыны і Вялікабрытаніі.

Беларускія спартсмены выступалі на верталётах Мі-2, расійскія — на Мі-2 і Robinson R-44  прадстаўнікі Нямеччыны — Robinson R-44 і MD-500, Вялікабрытаніі — Robinson R-44.

Праграма спаборніцтваў складалася з чатырох дысцыплін: палёт на дакладнасць, развозка грузаў, верталётны слалам і навігацыя.




Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі