Вы тут

Па падазрэнні ў падпале "Табакерак" у Бараўлянах затрымалі лекара

На месцы здарэння / @skgovby

Па падазрэнні ў падпале "Табакерак" у Бараўлянах пад Мінскам затрымалі лекара. Следчы камітэт сцвярджае, што 53-гадовы мужчына прызнаўся ў здзейсненым.

Першае здарэнне ў Бараўлянах адбылося ў ноч з 13 на 14 красавіка, калі былі падпалены два кіёскі "Табакерка". Праз некалькі дзён там жа адбыўся чарговы падпал. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Хуліганства" (ч. 1 арт. 339 КК).

На падазраванага выйшлі ў выніку "аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў". Мужчына працуе ў адной з бальніц Мінска, раней ён да адказнасці не прыцягваўся. З лекарам працуюць следчыя, у яго дома прайшоў ператрус.

Тым часам у Бабруйску праходзіць працэс над групай пратэстоўцаў, якія, між іншым, абвінавачваюцца ў падпале ў горадзе "Табакеркі".

Чаму ў розных гарадах і вёсках з мінулага года падпальваюць і распісваюць "Табакеркі"? Сетка належыць бізнесмену Аляксею Алексіну, вядомаму сваімі сувязямі з уладай. Таму такім чынам выказваецца пратэст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.