Нямецкі выведнік прадаў ФСБ сакрэтныя даныя пра Украіну за 800 тысяч еўра

Грошы за скрыншоты

Грошы за скрыншоты / pixabay.com

У Берліне пачаўся працэс над 52-гадовым палкоўнікам бундэсвера Карстэнам Л. Ён узначальваў аддзел бяспекі Федэральнай разведвальнай службы Германіі (БНД). Як піша bild.de, выведніка абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе і разгалашэнні дзяржтаямніцы расійскім спецслужбам. Разам з афіцэрам судзяць гандляра алмазамі, экс-радавога бундэсвера Артура Э. Мяркуецца, што працэс працягнецца як мінімум да лета. За гэты час плануецца правесці 51 пасяджэнне. Да справы прыцягнутыя 40 тамоў дакументаў.

Паводле версіі следства, абвінавачаныя прадалі ФСБ ключавыя разведданыя пра вайну ва Украіне. За гэта яны атрымалі больш за 800 тысяч еўра. У БНД гэта лічаць адным з самых сур'ёзных выпадкаў дзяржаўнай здрады ў гісторыі Германіі. Ступень шкоды "не паддаецца вымярэнню".

Карстэна Л. арыштавалі ў Берліне 21 снежня 2022 года. За здраднікам у БНД палявалі тыдзень, вырашальная інфармацыя паступіла ад спецслужбаў "сяброўскай дзяржавы". Сярод іншага ФСБ РФ былі перададзены 73 старонкі скрыншотаў ўнутраных чатаў БНД. Артур Э. адвёз іх у Маскву і атрымаў за гэта грошы.

Карстэн Л. адмаўляецца даваць паказанні. Калегі лічаць, што на здраду яго падштурхнула нязгода з міграцыйнай і эканамічнай палітыкай уладаў Германіі.

Нямецкі выведнік прадаў ФСБ сакрэтныя даныя пра Украіну за 800 тысяч еўра
bild.de

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі