“Някляеўцы” паскардзяцца на беларускіх міліцыянтаў у ФІФА і ЎЕФА

Актывісты кампаніі “Гавары праўду!”, затрыманыя падчас футбольнага матча Беларусь-Румынія, падрыхтавалі скаргі на дзеянні міліцыянтаў у суд, ФІФА і ЎЕФА. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар кампаніі Юля Рымашэўская. Рымашэўская: “Нашы актывісты будуць падаваць скаргі на супрацьзаконныя дзеянні Ленінскага РАУС, якія іх затрымалі без усялякіх на гэта абгрунтаванняў, і будуць падаваць пазоў у суд з патрабаваннем аб кампенсацыі маральных і матэрыяльных стратаў. Апроч таго, мы будзем накіроўваць скаргі ва ЎЕФА, якая была арганізатарам гэтага чэмпіянату, і ў ФІФА – галоўны офіс гэтай арганізацыі”.

Па словах Рымашэўскай, юрысты, якія дапамагалі складаць скаргі пацярпелым, знайшлі цікавы артыкул ў Кодэксе ФІФА – “Абарона правоў чалавека і этычнага кодэксу ФІФА”.

Рымашэўская: “Пры выкананні сваіх задач афіцыйныя асобы, гульцы і агенты гульцоў павінны пастаянна кантраляваць абарону правоў чалавека, з якімі яны падтрымліваюць кантакты. А таксама правы тых асоб, якія маюць адносіны да іх дзейнасці”. А нам здаецца, што тое, што адбылося ў Мінску падчас чэмпіянату Румынія-Беларусь, гэта і ёсць здарэнне з галіны парушэння правоў”.

Па яе словах, кожны з затрыманых актывістаў будзе падаваць асобную скрагу. Бо ў кожнага былі розныя абставіны затрымання: аднаго вывелі з трыбун, а другі не патрапіў нават на стадыён. Сумы кампенсацый таксама пакуль не называюцца.

Верагодна, што не ўсе з тых амаль 40 затрыманых, давядуць сваю справу да суда. Хтосьці не захоча гэтым займацца, каб не марнаваць час. У той жа час, у “Гавары праўду!” лічаць, што суд павінен задаволіць скаргі, бо дзеянні міліцыянтаў не вытрымліваюць ніякай крытыкі.

Нагадаем, што 7 верасня 41 акывіст кампаніі “Гавары праўду!” быў затрыманы да пачатку футбольнага матча Беларусь-Румынія. Падставай для затрымання сталі майкі з сімволікай кампаніі. Затрыманых пратрымалі ў пастарунку 5 гадзінаў, не складаючы пратаколаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі