Нядбайныя бацькі "патрабуюць" ад міліцыі транспарт, каб дабрацца на працу

Міліцыя стварае мабільныя брыгады па дастаўцы алкаголікаў да працы. У Віцебску гэтым займаюцца адразу тры супрацоўнікі з АМАПаўцам дзеля пераканаўчасці.
"У мяне 25 участковых і амаль кожны дзень яны займаюцца дастаўкай абавязаных асобаў на працу, - гаворыць Еўрарадыё начальнік аддзела аховы правапарадку Пінскага РАУС Міхаіл Лемяшэўскі. - На пачатку працоўнага дня, калі нехта не з'явіўся на працы, ўчастковы атрымоўвае званок і абавязаны гэтым займацца".

Паводле словаў начальніка аховы правапарадку, нядбайных бацькоў на працу часам возяць на "крутых" дырэктарскіх аўто са службовым кіроўцам:

"Прадпрыемствы кожны дзень па чарзе выдзяляюць машыны. Але раён у нас вялікі, таму адна машына ролі не іграе. Участковыя тады возяць на сваіх ці пешшу водзяць. Просяць у кіраўнікоў прадпрыемстваў дапамогі, ці сельсавет дапамагае".

У Магілёве за нядбайнымі "замацаваныя" адразу дзве міліцэйскія мабільныя групы. Гэта таму што, згодна з дадзенымі мясцовага цэнтра занятасці, міліцыя змагаецца з дзвюма сотнямі такіх "кліентаў":

"Мабільная група - гэта РАУС, служба занятасці, дружыннікі, з камісіі па справах непаўналетніх, з паліклінікі. Ёсць графік працы".

У Брэсце толькі у Маскоўскім раёне 12 "нядбайных бацькоў" патрабуюць" ад міліцыі транспарт, каб дабрацца на працу. Часам участковыя водзяць “кліентаў” за руку на працу, сказаў Еўрарадыё супрацоўнік РАУС Руслан Макарук.

"Да чаго даходзіць, што нават за руку водзім іх на працу. Каб яны не пілі, сочым. Шмат з імі пытанняў і праблем".

У Віцебску нядбайных бацькоў дастаўляюць на аўто альбо на працу, альбо ў выцвярэзнік. Інфармацыя пра прагульшчыка перадаецца спецыяльным брыгадам хуткага рэагавання. У складзе такой брыгады кіроўца, афіцэр міліцыі ды АМАПавец. Калі кліент п’яны – у пастарунак ці выцвярэзнік. А калі таго няма дома, прыходзіцца збіраць паказанні суседзяў аб ягоным верагодным месцазнаходжанні. Чым не следства?

Супрацоўнікі міліцыі скардзяцца, што час ад часу, згодна з графікам дзяжурства, вымушаны адрывацца ад асноўнай працы.
Фота - tnt-tv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі