Новым трэнерам зборнай па футболе будзе заходні спецыяліст

Беларуская федэрацыя футбола прыняла адстаўку Юрыя Пунтуса, аднак новага трэнера пакуль не знайшла.
Сёння ў Брэсце адбылося пасяджэнне выканакама Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”. На ім вырашалася пытанне будучага трэнера нацыянальнай зборнай.

Як паведаміў Еўрапейскаму радыё прэс-сакратар асацыяцыі Сяргей Новыш, выканкам прыняў адстаўку Юрыя Пунтуса.

Новыш: “Кандыдатура новага трэнера на дадзены момант абмяркоўваецца, распрацоўваюцца варыянты, прапановы. Усё гэта даручылі рабіць непасрэдна трэнерскаму камітэту і Бюро выканкама Федэрацыі футбола. Распрацоўваецца некалькі варыянтаў, у прыватнасці, старшыня АБФФ Генадзь Нявыглас акцэнтаваў сваю ўвагу на заходнім вектары. Гэта значыць, што хутчэй за ўсё трэнер будзе з Заходняй Еўропы, таму што для нашага футбола, як лічыць наш кіраўнік, на сённяшні дзень патрэбныя новыя ідэі, новыя ўплывы. Трэнерам будзе салідны і вядомы спецыяліст з Заходняй Еўропы”.

Новага трэнера плануюць знайсці да 22 жніўня. У гэты дзень нашы футбалісты згуляюць са зборнай Ізраіля. Як адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН Генадзь Нявыглас, заробак трэнера — на другім месцы.

Нявыглас: “Безумоўна, мы пралічваем свае магчымасці. І трэнеры, з якімі мы вядзем перамовы, ведаюць пра гэта. Аднак мушу зазначыць, што гэта даволі высокая планка. І ўсё ж такі мы ідзем на гэта”.

Кантракт з новым трэнерам плануецца заключыць на 2,5 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі