Наталля Пяткевіч запрасіла Дэвіда Крамера ў кавярню

Сустрэча намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША адбылася па ініцыятыве беларускага боку. Як стала вядома Еўрапейскаму радыё з уласных крыніц, адбылася яна ў мінскай кавярні “Фрэскі”. На пытанне Еўрарадыё, ці былі раней падобныя ініцыятывы, Крамер адказаў адназначна: раней з беларускага боку ніводнага разу падобнай цікаўнасці праяўлена не было. На пытанне, ці можна лічыць гэту ініцыятыву добрым знакам, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША адказаў, што ён не ведае, не гатовы рабіць ніякіх высноў, пакуль з беларускага боку не будзе канкрэтных крокаў.

Сам жа ён скарыстаўся магчымасцю сустрэчы з Пяткевіч, каб карацейшым шляхам данесці да Аляксандра Лукашэнкі намеры ЗША. Па словах Крамера, яго пасланне празрыстае. Ёсць толькі два шляхі дальнейшага развіцця беларуска-амерыканскіх адносін. Першы, калі беларускія ўлады зробяць канкрэтныя крокі: вызваленне ўсіх палітвязняў (слова “ўсіх” Крамер падкрэсліў), спыненне новых спраў, дазвол на мірнае правядзенне заўтрашняй вулічнай акцыі.

Калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, то ў вельмі хуткім часе, адзначыў Крамер, адносіны паміж нашымі краінамі яшчэ больш пагоршацца. Акт аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі дазваляе пашырыць спіс неўяздных асоб і ўвесці эканамічныя санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў.

Акрамя Пяткевіч з афіцыйных асобаў, адбылася сустрэча з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. З іншага боку Крамер сустрэўся з лідэрамі беларускай апазіцыі, сем’ямі палітвязняў, журналістамі недзяржаўных СМІ.

На развітанне з прадстаўнікамі прэсы, Крамер падкрэсліў, што ўлічваючы вельмі нізкі ўзровень адносінаў паміж ЗША і Беларуссю, Злучаным штатам ёсць куды рухацца. Рашэнне ў які ж бок пойдзе гэты рух, будзе прымацца ў бліжэйшым часе і толькі на падставе канкрэтных крокаў беларускіх уладаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі