Настаўнік давёў да панічнай атакі — адміністрацыя ігнаруе. Як быць?

Крычаць на дзяцей — гэта дрэнна

Крычаць на дзяцей — гэта дрэнна / pixabay.com

— Пасля жахлівага ляманту настаўніца выйшла з класа, а ў маёй дачкі ўпершыню ў жыцці здарылася панічная атака, — дзеліцца гісторыяй у адным з бацькоўскіх чатаў мама беларускай старшакласніцы.

Жанчына піша, што спосаб зносін педагога з дзецьмі — выключна крык, знявага і неадэкватнасць пры выстаўленні адзнак. Па меры скаргаў бацькоў або сутычак з імі настаўніца на некаторы час сціхваецца, але гэтага хапае ненадоўга. Пасля сумнага здарэння з дачкой маці прыбегла ў школу і напісала заяву, але, як высветлілася, завуч хутка звальняецца, а дырэктара ў школе пакуль няма.

— Атрымліваецца, гэтая настаўніца-аб'юзерка будзе і далей працаваць. І я вельмі сумняваюся, што ёю хтосьці сур'ёзна зоймецца. А калі прыйдуць новыя начальнікі, яна здолее выкруціцца і змяніць кантэкст, такая ўжо ж круцелька, — разводзяць рукамі бацькі.

Звычайна, сутыкаючыся з падобнымі гісторыямі, Еўрарадыё звяртаецца ва ўпраўленне адукацыі раёна, у якім размяшчаецца школа. Калі вы хочаце паспрабаваць вырашыць праблему, ананімнасць тут недарэчы. Кожны раз нас просяць удакладніць нумар навучальнай установы, каб правесці праверку. Ці варта бацькам скардзіцца вышэй ці хаця б прыстрашыць часовую адміністрацыю, што, калі меры не будуць прынятыя ўнутры калектыву, яны пойдуць на гэта?

Учитель довёл до панической атаки — администрация игнорирует. Как быть?
Наталля Скібская / Еўрарадыё

— Як правіла, такія аб'юзеры баяцца больш моцных, — адказвае псіхолаг Наталля Скібская. — Званок ва ўпраўленне або міністэрства адукацыі можа быць спосабам на нейкі час прыструніць настаўніцу, калі яна застанецца на сваім месцы. Ці зменіць гэта мадэль паводзінаў чалавека ў доўгатэрміновай перспектыве? Не ўпэўненая. Але калі казаць пра тое, што мы абавязаныя абараняць сваіх дзяцей тут і цяпер, спрабаваць варта.

 

Бацькі, не вучыце дзяцей цярпець!

Псіхолаг звяртае ўвагу на тое, што ў адносінах "школа — вучань" апошні знаходзіцца ва ўразлівым, залежным становішчы, таму бацькі заўсёды павінны абараняць інтарэсы свайго дзіцяці.

У школьніка павінна быць упэўненасць, што ёсць дарослыя, якія на яго баку. Як мінімум, гэта бацькі, якія зразумеюць, што сітуацыя ненармальная, паспачуваюць і падтрымаюць.

Неадэкватныя выкладчыкі былі ва ўсе часы, і, скажам праўду, не ўсе дзеці выходзяць з гэткіх адносін ахвярамі.

Сілы дае як раз дазвол бацькоў выходзіць з дрэнных сітуацый. То-бок, калі я ведаю, што са мной дрэнна абыходзяцца — равуць, гнабяць, не дай бог, замахваюцца, я маю права проста развярнуцца і сысці ад такога аб'юзера. Бацькі павінны ясна сказаць: калі ты не адчуваеш сябе ў бяспецы, калі цябе абражаюць і зневажаюць — сыходзь, ты маеш права не заставацца ў класе.

Для дзяцей, якія вельмі эмпатычныя самі па сабе, траўматычна нават назіраць падобны гвалт. Неабавязкова, каб ён быў накіраваны на іх. Калі з кімсьці побач так абыходзяцца, дзеці ўсведамляюць, што падобнае можа здарыцца і з імі. Так што, бацькі, не вучыце дзяцей цярпець. Вось і ўсё. У дзіцяці павінна быць разуменне, што нават калі блізкія не побач у момант канфлікту, яны заўсёды з ім.

А што калі бацькі перакананыя: што б ні адбывалася ў школе, вучань павінен сядзець на ўроку? А калі сварацца за адзнакі, не жадаючы разумець, што яны могуць быць неаб'ектыўнымі?

Учитель довёл до панической атаки — администрация игнорирует. Как быть?
Вітаем у будучыні / pixabay.com

Не бойцеся

— Наш клас прасіў замяніць настаўніка, але не выйшла, — расказвае мама старшакласніцы.

Як мы пісалі вышэй, адным з магчымых выхадаў з сітуацыі можа стаць зварот ва ўпраўленне адукацыі, хоць варта быць гатовымі і да таго, што вам не дапамогуць.

А што калі бацькі проста баяцца ісці наверх?

— Ёсць распаўсюджаныя гісторыі, калі, напрыклад, зорка Галівуду, дасягнуўшы нейкіх вышынь, маючы кучу грошай, абклаўшыся адвакатамі і неверагоднай падтрымкай у выглядзе публічнасці, заяўляе, што калісьці хтосьці здзяйсняў супраць яе гвалт, — кажа Наталля Скібская. — Часцей за ўсё людзі баяцца заяўляць пра гвалт таму, што баяцца не толькі рэакцыі самога гвалтаўніка, але і рэакцыі грамадства. Яны не адчуваюць падтрымкі ў сваім асяроддзі. Ніхто не можа не тое што абараніць, але хаця б зразумець і падтрымаць.

Адпаведна, калі вы хочаце заявіць пра гвалт, але баіцеся, вам трэба заручыцца падтрымкай людзей, якія будуць казаць: "Ты бачыш сітуацыю правільна. Гвалт — гэта гвалт. Тое, як з тваім дзіцем абыходзіцца настаўніца, — абсалютна неадэкватна і так быць не павінна". Трэба сабраць такую вось каманду падтрымкі. Гэта першае, што трэба зрабіць, калі вы хочаце абараніць сваё дзіця.

Патрэбная каманда, у якой можа аказацца і псіхолаг. Ён павінен падтрымаць і сказаць, што сітуацыя ненармальная. Не падтакваць, а даваць сумленную і адэкватную ацэнку таму, што адбываецца.

Псіхолаг раіць не ісці на разборкі ў разбітым стане, калі вас можна тыцнуць пальцам — і вы паваліцеся. Сабярыцеся. Вашы крокі павінны быць упэўненымі. Калі нічога не дапамагае, пераводзьце дзіця ў іншую школу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі