На ферме пад Лагойскам цяляты заразіліся шаленствам

6 чалавек, якія кантактавалі з жывёламі, трапілі ў лякарню. 10 супрацоўнікаў малочнай фермы ў вёсцы Бабры Лагойскага раёна трапілі ў лякарню з-за шаленства цялят. Як высветлілася аднаго цяляці пакусала лісіца, але гэтага ніхто не заўважыў.

У выніку, як стала вядома Еўрарадыё, супрацоўнікі фермы вымушаныя былі праходзіць абследаванне па падазрэнні ў захворванні на шаленства, а хворыя цяляты былі знішчаныя.

Як распавёў загадчык хірургічнага аддзялення Лагойскага раённага шпіталя Яўген Шамшур, цяпер шэсць супрацоўнікаў фермы праходзяць абавязковы курс прышчэпак.

Яўген Шамшур: “Шаленства было пацверджана лабараторна. Вазілі на даследаванне галаву гэтага цяляці, і высветлілі – цялё хворае на шаленства. Таму людзі, якія з ім кантактавалі: кармілі яго, руку яму ў рот укладалі, каб цялё смактала – мелі прамы кантакт са скурай, падлягаюць лячэнню. Бо ніхто не дасць гарантыі, што там не было мікратраўм скуры. І таму ім неабходна праводзіць абавязковы прафілактычны курс”.

Самаадчуванне супрацоўнікаў фермы, кажа доктар, нармальнае. Але пэўны час ім давялося правесці ў шпіталі – атрымлівалі прышчэпкі ў стацыянары. Дарэчы, па словах Шамшура, перапалох гэты выпадак навёў на усіх працаўнікоў фермы, і самастойна здаваць аналізы на шаленства прыехалі нават тыя, хто блізка да хворых цялят не падыходзіў.

Але супрацоўніца інфекцыйнага аддзялення шпіталя ў Плешчаніцах расказала Еўрарадыё, што падставы для такой перасцярогі ў іх былі.

Супрацоўніца інфекцыйнага аддзялення:
“Калі нават на вашу вопратку патрапіла сліна, а вы краналі сліну хворай жывёлы – гэта ўжо паказанні для прышчэпак супраць шаленства. Гэта называецца экстранная прафілактыка шаленства”.

Дарэчы, па словах доктара Шамшура, шаленства – вельмі небяспечнае захворванне, якое пры адсутнасці неадкладнага лячэння можа прывесці да смерці.

Цікава, што ніхто не ведае, колькі дакладна жывёл на ферме ў Бабрах сельгаскааператыва “СПБ-Агра” захварэлі і былі знішчаныя. Галоўны санітарны лекар Лагойскага цэнтра гігіены Ўладзімір Касабука кажа, што займаўся знішчэннем мясцовы ветэрынарны доктар Аляксандр Судніковіч. Але той каментаваць выпадак на ферме, за якую адказвае, адмовіўся. Не захацелі нічога гаварыць на гэту тэму і казаць, колькі цялят захварэла, ні галоўны бухгалтар, ні галоўны эканаміст СВК. А старшыня Віктар Барысевіч не адказваў нават па мабільным тэлефоне.

Па словах жа санітарнага лекара, сітуацыя на Лагойшчыне з шаленствам сярод жывёл, асабліва дзікіх, вельмі складаная. Хваробу ў асноўным разносяць лісіцы, яноты і вожыкі. І паляўнічыя не могуць і не хочуць дапамагчы выправіць сітуацыю.

Уладзімір Касабука: “Яны не хочуць іх страляць, вось у чым бяда. Колькі каштуе патрон і колькі каштуе ліса? Шкура лісы каштуе тры рублі. Так яе ж яшчэ садраць трэба. А яны ж усе азнаёмленыя з прафілактыкай шаленства сярод людзей. Таму яны не рызыкуюць. Дый навошта ім тую галаву адсякаць, шкуры здымаць, некуды везці і потым чакаць праблем сабе? Яны могуць, калі раптам заб’юць, лісу закапаць. А некаторыя могуць і проста так у лесе пакінуць. А жывёлы ж ядуць адно аднаго”.

Мяса хворай на шаленства жывёлы ўжываць небяспечна. Менавіта для таго, каб пазбегнуць верагоднасці ўжывання мяса хворых жывёл, кажа Касабука, супрацоўнікі цэнтра гігіены наведалі вёскі Бабры і суседнія Калачы, каб зрабіць прышчэпкі як калгасным, так і хатнім жывёлам. Доктар сцвярджае, што вакцыну ўвялі не толькі каровам, але нават сабакам.

Але як паведаміў “не пад запіс” Еўрарадыё жыхар вёскі Калачы, калгасным каровам сапраўды некалькі дзён таму зрабілі прышчэпкі ад шаленства. А вось хатніх абышлі бокам. Калі жыхары папрасілі пра гэта дактароў, тыя паабяцалі прыехаць пазней. Але так больш у іх вёсцы і не з’явіліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі