На брэсцкіх могілках дзяцей хаваюць асобна ад дарослых

Навукоўцы мяркуюць, што чыноўнікі тут "нешта накруцілі".  Самыя вялікія гарадскія могілкі называюцца "Плоска". Яны ўжо некалькі гадоў як закрытыя для пахаванняў. Некалькі сектараў звяртаюць на сябе ўвагу тым, што яшчэ ёсць свабодныя лапікі зямлі і што там пахаваныя толькі дзеці.

Паводле слоў супрацоўніцы спецпрадпрыемства, дзяцей пачалі там хаваць асобна ад часу адкрыцця могілак:

"Калі дзіцятка памёрла, то пахаваем на "Плосцы", на дзіцячым сектары. На Паўночных могілках вялікія надзелы, там дзіцячага сектару пакуль няма...".

У аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Брэсцкага гарвыканкама пахавальны працэс "курыруе" Васіль Верабей. Ён адразу пацікавіўся:

"А вам што, не падабаецца, што дзяцей хаваюць асобна?".

Спадар Верабей займаецца могілкамі з 1969 года. Могілкі "Плоска" адкрылі перад ягоным прыходам. Васіль Верабей кажа з гонарам:

"У нас зроблена добра. Зойдзеш — ёсць і аднамесцавыя сектары, і двухмесцавыя, куды належыць хаваць, каб па закону выходзіла, бо калі сям’я, то другое месца будзе бясплатнае. Ёсць іудзейскі сектар, каталіцкі, дзіцячы, мусульманскі…".

Еўрарадыё: Я культуролагам казаў: дзяцей асобна хаваюць. Дык яны гавораць: "Не можа быць!" А я паказваю здымкі: вось трэці сектар — адны дзеці. Вось чацвёрты сектар, і пяты... Гэта дзіўна, кажуць. Таму што людзі жывуць сем'ямі. Іх і пасля смерці трымаюцца.

Васіль Варабей:
"Гэта стала пазней, яшчэ раз вам тлумачу. Пры савецкай уладзе такога не было. Горад так зрабіў. Гарвыканкам прыняў рашэнне на аснове закона".

Закон аб пахаваннях быў прыняты ў 2001 годзе, у 2007-м ён быў дапоўнены. Супрацоўніца Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ірына Сафронава здзівілася зацікаўленнем да гэтай тэмы:

"Такое пытанне ні разу не агучвалася ні ў скаргах, ні ў зваротах, ні ў якім кантэксце: ні ў адмоўным, ні ў станоўчым. Але спецыяльна не агаворваецца. Толькі хто бярэ адказнасць. І забароны няма. Думаю, бацькі маюць права выбіраць".

А што мяркуюць навукоўцы? Гісторык Анатоль Сідарэвіч адзначыў: "З гісторыі вядома: асобна хавалі нехрышчоных дзяцей. А гэта сваволя нейкая...".

Брэсцкі прафесар Іван Акінчыц, які выкладае рэлігіязнаўства, таксама выказаў думку, што няйначай мясцовыя чыноўнікі тут "нешта накруцілі".

Пры татальным камунізме людзям шкадавалі зямлі пад забудову. У той час упісвалася ініцыятыва эканоміць зямлю на пахаваннях, вылучыўшы асобна дзіцячыя могілкі. Але ці ўпісваецца яна ў часы новыя? 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі