Мюрэй Мюсо: “Я буду рабіць рэкламу Беларусі”

14 ліпеня ўся Францыя святкуе, напэўна, самае ўлюбёнае нацыянальнае свята – Дзень узяцця Бастыліі. У гэты дзень у 1789 годзе рэвалюцыянеры ўзялі штурмам Бастылію – турму ў цэнтры Парыжа, якая на працягу стагоддзяў з’яўлялася сімвалам свавольства караля. І хаця ў дзень штурму там знаходзілася ўсяго 7 вязняў, гэта была знакавая падзея. З гэтай нагоды амбасадарка Францыі спадарыня Мюрэй Мюсо сустрэлася з журналістамі і адказала на іх пытанні.

Адным з галоўных пытанняў стала праблема пабудовы ў Беларусі атамнай станцыі. У снежні мінулага года беларускія навукоўцы наведалі Францыю з мэтай выбару краіны, якая “дапаможа” нам пабудаваць АЭС. Спадарыня Мюсо зазначыла, што пабудова АЭС – вельмі доўгі працэс, і французскія навукоўцы здольны “падзяліцца” сваім досведам у сферы бяспекі:

“Гаворка ідзе не толькі аб авалоданні тэхнічнымі ведамі, неабходнымі пры будаўніцтве такога аб’екта, бо Беларусь дастаткова дасведчаная ў гэтым пытанні. Акрамя гэтага неабходна валодаць аспектамі карыстання станцыяй і яе бяспекі. Таму што адна справа – валоданне тэхнічнымі аспектамі, а як будаваць такі аб’ект – іншая”.

Пасля адмены гандлёвых прэферэнцый Беларусь страціла 10% пры продажы нашых тавараў у Еўропе. Па словах Мюрэй Мюсо, гэта адбылося з-за невыканання ўрадам нашай краіны патрабаванняў Сусветнай арганізацыі працы для краін-удзельнікаў:

“Адмена прэферэнцыяў, безумоўна, звязана з невыкананнем вашай краінай абавязкаў, пад якімі падпісалася Беларусь пры ўступленні ў Міжнародную арганізацыю працы”.

У мінулым годзе Еўрапейскі саюз выдаў спіс дэмакратычных пераўтварэнняў, неабходных для выканання ўрадам Беларусі для далейшага супрацоўніцтва з Еўропай. Як мяркуе спадарыня Мюсо, Беларусь непарыўна звязана з еўрапейскімі дэмакратычнымі дасягненнямі, бо з’яўляецца часткай Еўропы:

“Гэта дэмакратычныя прынцыпы, якія з’яўляюцца насамрэч сутнасцю Еўропы. На наш погляд, Беларусь павінна быць неадрыўна звязана з гэтымі еўрапейскімі каштоўнасцямі, бо з’яўляецца часткай Еўропы. Я спадзяюся, што Еўропа і Беларусь разам будуць прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, рухаючыся наперад”.

Галоўнай задачай на шляху інтэграцыі Беларусі ў Еўропу на гэты момант спадарыня Мюрэй Мюсо лічыць рэкламу Беларусі:

“Вельмі важны момант, каб беларускія амбасады ў Еўропе і еўрапейскія краіны праз сваіх прадстаўнікоў, якія наведалі вашую краіну, распавядалі пра Беларусь, робячы ёй рэкламу. Са свайго боку магу гарантаваць, што асабіста я буду рабіць рэкламу Беларусі і прывабліваць у вашую краіну еўрапейцаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі