МУС закупляе новыя аўтазакі і мікрааўтобусы “сіняга колеру”

МУС закупляе новыя аўтазакі і мікрааўтобусы “сіняга колеру”

У сакавіку Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла конкурсы на закупку новых аўтазакаў, мікрааўтобусаў, легкавікоў. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце дзяржаўных закупак icetrade.by.

Цягам сакавіка Дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС размясціў чатыры заяўкі на закупку новага транспарту. 13 сакавіка Галоўнае ўпраўленне камандуючага ўнутранымі войскамі апублікавала запыт на сем тыпаў аўтамабіляў. У гэтым сьпісе 11 легкавых аператыўных аўтамабіляў (Geely Emgrand 7 ці аналаг), два мікрааўтобусы на 18 месцаў (сіняга колеру), чатыры МАЗы сэрыі 531605 для перавозкі асабістага складу, 5 патрульных УАЗаў, 5 аўтазакаў ГАЗ-2705, адзін грузавы МАЗ і адзін аўтамабіль для сапёрна-піратэхнічнай групы.

24 сакавіка размешчаная заяўка на 28 матацыклаў. Патрабаванне да транспартнага сродку — 4-тактавы рухавік аб’ёмам не менш за 790 см³. Колер мусіць быць белым ці серабрыстым.

27 сакавіка МУС размясціў заяўку на спецаўтамабіль з пастаянным поўным прывадам.

У заяўцы ад 28 сакавіка — замова на 10 легкавікоў. У дакументах удакладняецца, што згодна з Указам прэзідэнта “Аб упарадкаванні набыцця службовых легкавых аўтамабіляў”, кошт аўто не павінен перавышаць суму эквівалентную 25 000 эўра з улікам мытных і іншых плацяжоў.

Крыніца фінансавання ўсіх закупак — дзяржаўны бюджэт. Аднак аб’ём бюджэту для кожнага лоту ў заяўках не пазначаны.

З 2012 года icetrade.by — афіцыйны сайт для дзяржаўных закупак. Асноўная задача рэсурсу, як пра гэта напісана на сайце, — забеспячэнне інфармацыйнай адкрытасці і празрыстасці закупак, паведамляе Радыё Свабода.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі