Моладзь прапанавала дэпутатам свой закон аб альтэрнатыўнай службе

Паводле яго, прызыўнік будзе не служыць, а працаваць ва ўстановах, звязаных з медыцынай, экалогіяй і сацыяльнай абаронай, атрымліваць заробак і прэміі, а ўвесь тэрмін уключыцца ў працоўны стаж.
Маладзёжныя арганізацыі, сярод якіх "Грамадзянскі форум", "Маладыя дэмакраты", "Рух Будучыні" і "Малады Фронт", а таксама праваабаронцы 7 ліпеня прэзентавалі ў Мінску свае прапановы урадавай міжведамаснай групе, якая распрацоўвае закон аб альтэрнатыўнай службе.


Падчас дыскусіі. Справа налева:  прадстаўнік «Маладых Дэмакратаў» Фёдар Масленнікаў, страшыня арганізацыі «Маладыя Дэмакраты» і каардынатар кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» Міхаіл Пашкевіч, прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту» Зміцер Чарных,  старшыня «Грамадзянскага Форума» Сяргей Варанкевіч.

На думку маладзёнаў, альтэрнатыўная служба павінна цягнуцца не больш за 27 месяцаў, а для прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй – паўтара года. Служыць "альтэрнатыўшчыкі" павінны ў арганізацыях, дзейнасць якіх звязаная з сацыяльнай абаронай, аховай здароўя, абаронай навакольнага асяроддзя, адукацыяй, дабрачыннасцю.

Акурат сацыяльнай і экалагічнай сферам часта не хапае належнай увагі з-за нястачы рэсурсаў, а альтэрнатыўная служба можа дапамагчы ў гэтым, упэўненыя маладзёжныя актывісты. Дарэчы, яны правялі спецыяльны маніторынг – даслалі дзвюм тысячам установам медыцынскай і сацыяльнай сферы пытанне, ці спатрэбіліся б ім людзі, якія будуць праходзіць альтэрнатыўную службу. З іх больш за 60 адказалі станоўча.

Міхась Пашкевіч: "Я лічу, што гэтая лічба нармальная для краіны, дзе ідэя альтэрнатыўнай службы абсалютна новая. Некаторыя прадпрыемствы ўважліва пачыталі, падумалі, вырашылі, што ім гэта патрэбна. А хтосьці проста зрабіў адпіску, паглядзеў наверх, ды напісаў, што не патрэбна".

Міхась адзначае, што ўвосень 2009 года адбыўся карэнны пералом ў пытанні аб альтэрнатыўнай службе пасля судоў над чатырма прызыўнікамі (Зміцер Смык, Яўген Якавенка, Андрэй Цянюта і Іван Міхайлаў), якія патрабавалі "альтэрнатыву".

Міхась Пашкевіч: "Гэтыя судовыя справы ўнеслі абсалютна карэнны пералом у кампанію. Бо гэта былі канкрэтныя асобы, для іх і мусіў прымацца адпаведны закон. Самі па сабе 4 лёсы зрабілі болей, чым зрабілі б 50 маніфестацый у падтрымку альтэрнатыўнай службы. У гэтым выпадку канкрэтныя людзі прасілі, дамагаліся, настойвалі і не ламаліся"

Моладзевыя арганізацыі таксама прапануюць, каб на альтэрнатыўную службу камісіі прызывалі юнакоў, улічваючы як іх стан здароўя, адукацыю, так і іх уласнае жаданне, адзначае прадстаўнік "Руху будучыні" Вячаслаў Дзіянаў

"Усе мы розныя, са сваімі абставінамі, і гэта трэба ўлічваць. У тым ліку, асабістыя пажаданні – гэта вельмі важны фактар. Калі не хоча нехта, скажам, у хоспісе працаваць, не варта яго прымушаць працаваць менавіта там".

Прапануецца, што падчас альтэрнатыўнай службы прызыўніку будуць плаціць заробак і прэміі, а ўвесь тэрмін уключыцца ў працоўны стаж.

"З гэтага моманту ў чалавека з'яўляецца працоўная дамова, і ён становіцца нічым не горшым за іншых супрацоўнікаў арганізацыі, а можа нават у больш выгадных умовах", ― кажа Міхась Пашкевіч.

Выпуснік БДУ Аляксандр Апейкін прыйшоў паглядзець прэзентацыю. Ён шмат распытваў арганізатараў сустрэчы пра тое, як альтэрнатыўная служба будзе стасавацца з размеркаваннем і пра тонкасць прававога статуса працоўных. Адказамі арганізатараў ён астаўся задаволены.

Аляксандр Апейкін: "Прэзентацыя даволі добра падрыхтаваная. Бачна, што ініцыятыўная група, якая зрабіла дадзеныя прапановы, добра падрыхтавалася, папрацавала. Але ўсё роўна засталіся такія моманты, якія патрабуюць пэўнага ўдасканалення".

Напрыклад, кажа Аляксандр, трэба дапрацаваць фармулёўкі і азначэнні, каб да іх не дачапіліся прадстаўнікі ўрадавай міжведамаснай працоўнай групы.

Даведка Еўрарадыё.

Альтэрнатыўная служба – альтэрнатыва вайсковай службы ў арміі ў выглядзе працоўнай дзейнасці на карысць грамадства, калі выкананне вайсковых абавязкаў супярэчыць рэлігійным, філасофскім, маральна-этычным і іншым перакананням асобы.

Права грамадзяніна на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай прадугледжвае артыкул 57 Канстытуцыі, а само права на праходжанне альтэрнатыўнай службы вынікае з артыкулаў Канстытуцыі пра свабоду перакананняў (арт. 33) і свабоду веравызнання (арт. 31). Самога закону, які б рэгламентаваў альтэрнатыўную службу, няма.

1 верасня ўрад прадставіць на абмеркаванне парламента праект закона аб альтэрнатыўнай службе. Мяркуецца, што ў верасні-кастрычніку пройдзе міжнародная экспертыза закона пад эгідай АБСЕ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі