Мінздароўя: шпіталізаваныя яшчэ 11 чалавек з падазрэннямі на каранавірус
Міністэрства аховы здароўя пад вечар 31 сакавіка ў сваім Telegram-канале нарэшце прызнала смерць пацыента з каранавірусам, пра якую стала вядома з самай раніцы.
"Зарэгістраваны першы выпадак смерці ўзроставага пацыента з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, па папярэдніх даных, абцяжараных каранавіруснай інфекцыяй", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Таксама паведамляецца, што за апошнія суткі былі шпіталізаваныя 11 чалавек з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю. Пры гэтым прэс-служба Мінздароўя не называе колькасць хворых на каранавірус. Напярэдадні было агучана, што агулам у краіне зарэгістраваныя 152 выпадкі.
Цяпер жа міністэрства толькі рапартуе, што за суткі выпісалі 128 чалавек, у тым ліку 6 пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік.
Таксама паведамляецца, што ў нашай краіне праведзена больш за 31 тысячу тэстаў на COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.