Мінскія чыноўнікі спужаліся мутанта

На рэкламных плакатах новых версій аўтамабіля PASSAT яны ўбачылі звырода-мутанта і забаранілі размяшчаць іх на білбордах Мінска.

Білборды “Atlant-M” на вуліцах сталіцы ўсё ж такі з’явіліся. Але, па словах PR-мэнэджэра кампаніі Арцёма Ганцова, ім давялося скарыстацца самым спрошчаным варыянтам звароту да аўтаспажыўцоў – выявай аўтамабіля.


Арцём Ганцоў: “Проста выява аўтамабіля — гэта тое, што людзі бачаць на вуліцах горада ў самых розных ракурсах і ў самых розных акцыях усіх дылераў, якія працуюць у Беларусі”.


Па словах мэнэджэра, менавіта жаданне неяк вылучыцца і прымусіла шукаць рэкламшчыкаў “Атланта” новы і нетрывіяльны падыход у прасоўванні свайго тавару на рынак. Вось толькі чыноўнікі ўпраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкаму вырашылі, што ў сваіх пошуках тыя зайшлі занадта далёка. А чалавек, у якога вочы з-пад акуляраў палезлі на лоб ад дзіўна нізкіх коштаў на новыя версіі PASSAT, не прайшоў у спецыялістаў упраўлення прадпрымальніцтва медыцынскага агляду.


Арцём Ганцоў: “Гэта твар разумова нездаровага чалавека”, — такія асацыяцыі ўзніклі ў супрацоўнікаў Мінгарвыканкама, адказных за ўзгадненне вонкавай рэкламы”.


У “Атланце” паспрабавалі крыху "падлекаваць" уражанага пакупніка новай версіі PASSAT, але і той варыянт не прайшоў зацверджанне. Дарэчы, згодна з пастановай Саўміна, органы, якія выдаюць дазвол на размяшчэнне вонкавай рэкламы, могуць не тлумачыць сваю адмову ў дазволе. Нягледзячы на гэта, чыноўнікі выканкаму не толькі патлумачылі сваю адмову наяўнасцю на плакаце нездаровага чалавека, але і параілі, як выправіць сітуацыю – зняць з яго акуляры. Знялі. Але гэты варыянт рэкламшчыкі “Атланта” нават не захацелі прадстаўляць на ўзгадненне.


PR-мэнэджэр “Атлант-М” прама выказаў "Еўрапейскаму радыё для Беларусі" сваё меркаванне, чаму іх першапачаткавы праект рэкламнага білборда не прайшоў узгаднення.


Арцём Ганцоў: “На жаль, у некаторых людзей засталіся яшчэ вельмі кансерватыўныя погляды на рэкламныя кампаніі. І яны лічаць, што любое адхіленне ад звыклай нормы не мае права на існаванне”.


У адрозненне ад Мінгарвыканкаму макет рэкламы, распрацаваны ў Мінску, у галаўным офісе “Фольксвагена” ў Нямеччыне зацвердзілі і размясцілі на закрытым партале ў Інтэрнэце. Спецыяльна для сваіх маркетолагаў ва ўсім свеце. На гэтым партале, кажа Арцём Ганцоў, сабраныя самыя цікавыя крэатыўныя працы па рэкламе менавіта Volkswagen. Гэта значыць, немцы ацанілі гэты макет і нават палічылі яго адным з лепшых сёлета.


На фота — плакат, які аказаўся недаспадобы Мінгарвыканкаму.

Фота — http://marketing.by


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі