Міліцыю цікавіць, хто піша пра дыктатуру і рэдагуе сайт "Хартыі'97"

Міліцыя адмовілася аддаваць журналісткам забраныя камп'ютары. Наталлі Радзінай зладзілі допыт наконт рэдакцыі сайту "Хартыя'97". Журналістак Ірыну Халіп, Святлану Калінкіну, Марыну Коктыш і Наталлю Радзіну 28 красавіка выклікалі ў Першамайскі РУУС Мінску. Міліцыянты паведамілі ім, што прайшла экспертыза забраных у іх камп'ютараў. Як раней паведамляла Еўрарадыё, ператрусы і канфіскацыя камп'ютараў адбываліся пад нагодай расследавання крымінальнай справы па факце паклёпу ў СМІ на кіраўніка КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

Матэрыялаў па справе Каржа ў камп'ютэрах не знайшлі, аднак вяртаць іх ня сталі. У міліцыі журналісткам паведамілі, што іх аргтэхніку яшчэ раз аддадуць на экспертызу.

Радзіна: "Мяне азнаёмілі з пастановай, што неабходна правесці дадатковую камп'ютэрна-тэхнічную экспертызу для таго, каб высветліць, хто зайамецца адміністраваннем сайту "Хартыі". Натуральна, я напісала пратэст. Я лічу, што гэта ніяк не тычыцца згаданай крымінальнай справы. І лічу, што гэта палітычны пераслед напярэдадні будучых прэзідэнцкіх выбараў".

Па словах Радзінай, міліцыянты шукалі файлы ў камп'ютарах па ключавых словах "дыктатуры", "Корж", "Дудкін", "сваякі арыштаваных міліцыянтаў", "Еўрапарламент", "Ежы Бузэк". У выніку былі знойдзеныя 3,5 тысячы файлаў са словам "дыктатура".

Акрамя таго, Наталлі Радзінай - адзінай з усіх - зладзілі дадатковы допыт.

Радзіна: "Больш за ўсё цікавілі міліцыянтаў мае адносіны да сайту "Хартыя'97". Іх таксама цікавіла, дзе знаходзіцца рэдакцыя сайту, рэдактар, адміністратар і да таго падобнае".

На думку Радзінай, улады хочуць зачыніць апошнія крыніцы незалежнай інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі.


На фота: Наталля Радзіна пасля ператрусу 16 сакавіка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі