Марыя Калеснікава звярнулася да сілавікоў

Марыя Калеснікава звярнулася да сілавікоў

Прадстаўніца Каардынацыйнай рады па трансферы ўлады Марыя Калеснікава выступіла з відэазваротам да сілавікоў. Яна заклікала іх пераходзіць на бок народа. 

"Улада робіць так, што вашая форма перастае выклікаць павагу — яна становіцца сімвалам агіды", — кажа Калеснікава. 

"Калі вы давалі прысягу, вы кляліся служыць беларускаму народу. Зараз вы бачыце яго знішчэнне. Чаму вы не спыніце яго? Чаму вы працягваеце выконваць загады тых, хто гэты генацыд учыніў, замест таго каб стаць на абарону свайго народа?" — пытаецца яна ў сілавікоў.

Па словах Калеснікавай, жанчыны і дзеці апынуліся смялейшымі за іх: "У збіцці беларусаў няма нічога крутога. Тыя, хто збіваў, не адмыюцца ад гэтага скоцтва ніколі! Тыя, хто пакрываў іх і маўчаў пра гэтыя злачынствы, таксама! Чаго вы баіцеся? Чаму вы яшчэ не з народам? Вы можаце яшчэ стаць героямі. Вы можаце захаваць афіцэрскую годнасць і вайсковы гонар, і назаўжды ўвайсці ў гісторыю Беларусі".

Калеснікава заявіла, што сілавікам, якія адмовяцца выконваць злачынныя загады і пяройдуць на бок народа, гарантуюць:

— бяспеку і недатыкальнасць,
— справядлівае стаўленне да іх падраздзяленняў, якія не стануць выконваць злачынны загад,
— адмену пазык за адукацыю, кантрактных пазык і іншых выплат, якія ўлада вымагае ад тых, хто хоча сысці,
— жыллё і матэрыяльную падтрымку ўсім, хто адмовіцца выконваць злачынны загад.

Той, хто арыштуе зламыснікаў, якія катавалі людзей, стане героем, паабяцала Калеснікава.

Тым часам, як вядома, Генпракуратура пачала крымінальную справу на Каардынацыйную раду, абвінаваціўшы яе ў спробе захопу ўлады. Расследаваннем справы займаецца Следчы камітэт. На пятніцу ў СК выкліканы юрыст Максім Знак для дачы паказанняў.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі