Мацкевіч: Галоўная праблема ВНУ — адносіны паміж менеджментам і педагогамі

Еўрарадыё: Як можна ацэньваць вынікі сёлетняй уступнай кампаніі?

Святлана Мацкевіч: Я б абмяркоўвала не вынікі ўступнай кампаніі, а сам спосаб паступлення. Тэставанне не выяўляе рэальнай якасці адукацыі, якую выпускнік атрымаў у школе. Я была б прыхільніцай іншага, альтэрнатыўнага спосабу: каб кожнае ВНУ абірала сваю форму прыёму, а не кіравалася агульнай для ўсіх. Гэта сведчыць аб тым, што нашы ВНУ не самастойныя ў выбары працы. Таму казаць аб эфектыўнасці сёлетняй уступнай кампаніі складана. Мая дачка 4 гады таму прайшла праз тэставанне і не здолела трапіць у беларускае ВНУ. Пры гэтым яна паспяхова паступіла ў еўрапейскае ВНУ і ўжо цяпер скончыла яго з рэктарскім дыпломам.

Еўрарадыё: А ці шмат абітурыентаў сёння падаюць дакументы менавіта на тую спецыяльнасць, на якую збіраліся?

Святлана Мацкевіч: Не зусім так. Ёсць упартая моладзь, якая гатовая некалькі разоў паступаць на адну і тую ж спецыяльнасць. Гэта тычыцца Універсітэта культуры, Акадэміі мастацтваў. Што тычыцца іншых ВНУ, то ў апошні дзень прыёму дакументаў там пачынаецца “масавы шабаш”. Дакументы перакідваюцца з адной спецыяльнасці на іншую, ідзе разлік па тэорыі верагоднасці, дзе найпрасцей паступіць. Гэта зніжае матывацыю абітурыентаў. Калі пачынаецца навучанне, студэнты расчароўваюцца ў абранай прафесіі.

Еўрарадыё: З чым гэта звязана?

Святлана Мацкевіч: У першую чаргу, гэта недахоп тэхналогіі самавызначэння. Што гэта значыць? Разлічана яна на тое, што чалавек пры паступленні ў стане высветліць сваю далейшую кар’еру. На жаль, школа і іншыя ступені адукацыі на гэта не арыентаваныя. Практыкуюцца іншыя рэчы: тэхналогія прафарыентацыі, інфармавання. Часткова гэта здымае праблему. Але многія заканчваюць ВНУ, і так да канца не ведаюць, дзе будуць працаваць. На 5 курсе пытаешся ў студэнтаў, дзе яны збіраюцца працаваць. Яны адказваюць, маўляў, не ведаем, як мама скажа. То бок такі дзіўны інфантылізм закладзены ў самой педагагічнай тэхналогіі школы. Кожны год мы выпускаем па 50 філосафаў. У мяне ўзнікае пытанне: а ці філосафы яны наогул? Калі кожны год мы іх выпускаем, то Беларусь ужо даўно мусіла б быць узорам еўрапейскай думкі. А дзе гэтыя філосафы?..

Еўрарадыё: Ці шмат сёння тых выпускнікоў, якія пасля ўніверсітэта працуюць па спецыяльнасці?

Святлана Мацкевіч: Мяркую, іх дастаткова. Але, з пункту гледжання логікі, ўніверсітэты не мусяць даваць спецыяльнасць, не мусяць даваць прафесію. Трэба, каб універсітэты давалі класічную ўніверсальную адукацыю. Сама назва кажа аб тым, што мусіць быць сфармаваны ўніверсум ведаў, які дазваляе чалавеку ў любых умовах адаптавацца да прафесійнай дзейнасці, засвоіць яе нават самастойна дастаткова хутка. Гэта было б эфектыўна ў беларускіх умовах, бо мы знаходзімся то ў крызісе, то ў стабільнасці. Калі трэба рэалізаваць антыкрызіснае кіраванне, то пытанне аб кадрах стаіць у першую чаргу. І нават не істотна, якую спецыялізацыю мае чалавек у гэтай галіне. Хутчэй важна, каб чалавек здолеў хутка пераарыентавацца.

Еўрарадыё: Але ёсць яшчэ і размеркаванне, паводле якога ты мусіш працаваць па канкрэтнай спецыяльнасці…

Святлана Мацкевіч: Тут працуюць рудыменты планавай сістэмы ў галіне адукацыі. Гэта яшчэ рудыменты Савецкага саюза. Тады можна было распланаваць колькасць спецыялістаў. Потым накіраваць іх у вызначаныя месцы. У Савецкім саюзе падавалася, што так будзе доўга і нязменна. Ва ўмовах сапраўднага рынку працы ўсё гібка і дынамічна, размеркаванне з’яўляецца тормазам для развіцця рыначных адносін, як на рынку працы, так і ў сістэме адукацыі. Апроч таго, размеркаванне носіць ідэалагічны характар. Такім чынам, моладзь прывучаюць да думкі, што за іх нехта можа нешта вырашыць.

Еўрарадыё: Ці шмат у нас тых студэнтаў, якія сапраўды вучыцца, а не проста прыходзяць па дыплом?

Святлана Мацкевіч: У сілу сваёй актыўнасці, моладзь мае мэту скончыць ВНУ і скласці канкурэнцыю старому пакаленню. Такая моладзь ёсць, незалежна ад усёй архаічнасці форм навучання ва ўніверсітэце. Але ў цэлым, уся тэхналогія навучання ў ВНУ не матывуе, а зніжае прагу да навучання. Выкладчыкі скардзяцца, што ў студэнтаў нізкая матывацыя. А студэнты цалкам лагічна заўважаюць, што сама сістэма адукацыі не вельмі эфектыўная. Узмацняецца дысцыпліна: абавязкова трэба наведваць заняткі. То бок калі ва ўніверсітэце няма свабодаў, пачынаюцца скаргі і плач. Таму галоўны аргумент матывацыі і актывізацыі энергетыкі ў моладзі – з’яўленне ўніверсітэцкіх свабодаў.

Еўрарадыё: А якімі спецыяльнасцямі мы маглі б ганарыцца?

Святлана Мацкевіч: Напрыклад, нашы спецыялісты-радыёэлектронікі карыстаюцца вялікім попытам за мяжой. Многія студэнты БДУІРа ўжо на 3-м курсе ведаюць, што будуць запатрабаваныя на рынку працы ў замежжы. Але, я мяркую, што паступова такая тэндэнцыя будзе зніжацца, бо там вельмі высокая канкурэнцыя.

Еўрарадыё: Ці ёсць у нас такія ВНУ, існаванне якіх не мае сэнсу?

Святлана Мацкевіч: Я не магу сказаць, што нам не патрэбныя юрысты, ці эканамісты. Асабліва, калі будзе развівацца рынкавая сістэма. Чым больш, тым лепш. Іншае пытанне, што якасць гэтых спецыялістаў не задавальняючая. У 1990-я я вельмі радыкальна прапаноўвала зачыніць Педагагічны ўніверсітэт. Бо тых педагогаў, якія ў нас ёсць, хапае. І калі мы збіраемся рэфармаваць сістэму адукацыі, то тыя веды, якія там транслююцца, з’яўляецца тормазам. Агулам, я прыхільніца закрыцця многіх ВНУ.

Еўрарадыё: У чым жа большая праблема для ВНУ: у адміністратыўных метадах кіравання ці недахопе выкладчыкаў?

Святлана Мацкевіч: І тое, і другое. Галоўная праблема на сёння – гэта адносіны паміж менеджментам і педагагічнай супольнасцю. Менеджмент цяпер нашмат больш кваліфікаваны, чым акадэмікі. Менеджмент пачынае дыктаваць умовы адукацыі. Але гістарычна, універсітэтам заўжды кіравала акадэмічная супольнасць.

Еўрарадыё: Чый досвед нам варта было б пераймаць у адукацыі?

Святлана Мацкевіч: У нас ёсць прыклады Оксфарда, Гарварда. Беларусь мусіць імкнуцца да самых высокіх узораў. Але дзе той суб’ект у Беларусі, які будзе ставіць такія мэты перад сабой і іншымі? Цяпер я такога суб’екта не бачу ў дзяржаўнай сістэме кіравання адукацыяй. Такая мэта там не ставіцца.

Еўрарадыё: Наогул як даўно рэфармавалася сістэма адукацыі?

Святлана Мацкевіч: Вышэйшая сістэма адукацыі сістэмна не рэфармавалася. Рэфармавалася школа, праўда няўдала. У ВНУ павольна ўводзіліся пэўныя элементы. Напрыклад, элементы стандартызацыі. Тое, што мы маем у вышэйшай адукацыі, – гэта дзіўны сімбіёз рэшткаў савецкай адукацыі з маленькімі элементамі навізны.

Еўрарадыё: Сёння чыноўнікі шмат кажуць пра камп’ютарызацыю нашай адукацыйнай сістэмы. Як вы да гэтага ставіцеся?

Святлана Мацкевіч: Пазітыўна. Універсітэт мусіць хутка падстройвацца пад новыя тэхналогіі. Іншая справа, што інфармацыйныя тэхналогіі не вырашаюць іншых праблем. Яны не вырашаюць місійных, чалавечых праблем. Адна справа – мець планшэт ці ноўтбук, іншая справа – як арганізоўваць навучальны працэс, якое ўтрыманне адукацыі будзе транслявацца на гэтым планшэце і як сучасныя выкладчыкі пад гэта падстрояцца.

“Мы мусім канкураваць з вядучымі еўрапейскімі ВНУ”

Еўрарадыё: Таксама чыноўнікі кажуць пра развіццё адукацыі на экспарт. Наколькі гэта магчыма?

Святлана Мацкевіч: Перш, чым штосьці прапанаваць рынку, трэба стварыць унікальную рэч. На чым цяпер можна канкураваць з еўрапейскімі ВНУ? Мы можам канкураваць з Кітаем, з азіяцкімі краінамі. Мы мусім канкураваць з вядучымі еўрапейскімі ВНУ. Гэта вынікае не з маёй пазіцыі, а наўпрост з нашага геапалітычнага становішча.

Еўрарадыё: А чаго нам не хапае, каб патрапіць у Балонскую сістэму? І ці можам мы туды ўступіць цяпер?

Святлана Мацкевіч: Можам. Гэта трэба было рабіць гадоў 10 таму. Балонская сістэма сама пачала сваё станаўленне у 1998 годзе. Пакуль яна развівалася, можна было туды ўскочыць і задаваць лідзіруючыя ўзоры ў гэтай сістэме. Адзінае, чаму б Беларусь не магла сёння ўступіць у Балонскую сістэму, калі б Еўропа заняла жорсткую пазіцыю. Гэта па пытанні акадэмічных свабод, і па пытанні якасці адукацыі. Але еўрапейскі бок цяпер вельмі паліткарэктны ў адносінах да Беларусі. Там няма вызначанай пазіцыі. Але для Беларусі гэта добра. Кожнае ўступленне ў еўрапейскія працэсы, у еўрапейскую традыцыю прынясе Беларусі толькі карысць. Пытанне толькі, каму.

Еўрарадыё: Калі параўноўваць ЕГУ і БДУ. У ЕГУ шмат тэорыі, студэнты вывучаюць шматлікія канцэпцыі, у БДУ наадварот – больш практыкі. Што лепш?

Святлана Мацкевіч: У гэтым плане ЕГУ выконвае функцыю сапраўднага ўніверсітэта. Немагчымая практыка без тэорыі. Прымітыўнае ўяўленне аб практыцы сфармавана сёння ў многіх выкладчыкаў. Гэта кажа аб адсутнасці добрай, філасофскай адукацыі. Універсум ВНУ задае мысленне. Незалежна ад прафесіі і спецыялізацыі. Калі чалавек умее мысліць, ён у стане засвоіць практыку. Калі задумацца, то ў Беларусі няма таго, хто задае ўзоры філасофскай думкі.

Святлана Мацкевіч – кандыдат педагагічных навук, эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій. Жонка вядомага палітолага Уладзіміра Мацкевіча.

 

 

Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё "Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6.  ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата 12379.62 МГц, гарызантальная  палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 3/4. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі