Лукашэнка выказаўся пра Качыньскага, Расію і ўранавыя запасы Беларусі

Падчас візіту ў Мазырскі раён 14 красавіка кіраўнік Беларусі зрабіў некалькі гучных заяваў. У прыватнасці, інфармуе БЕЛТА, ён адзначыў, што Расія пачынае ўсведамляць хібнасць спробаў ціску на Беларусь.

Лукашэнка паведаміў, што яго бліжэйшая сустрэча з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым, хутчэй за ўсё, адбудзецца на працягу траўня. Падчас гэтай сустрэчы кіраўнік Беларусі хоча абмеркаваць перспектывы ўдзелу расійскага капіталу ў акцыянаванні беларускіх прадпрыемстваў. Акрамя таго, будуць разглядацца стратэгічныя пытанні развіцця Мытнага саюзу Беларусі, Казахстана і Расіі.

Па словах Лукашэнкі, Беларусь гатовая пайсці на продаж часткі акцый любога прадпрыемства, але за добры кошт і без ціску збоку.

Выказаўся беларускі лідэр і пра трагічную гібель польскага кіраўніцтва ў авіякатастрофе пад Смаленскам. На яго думку, прычынай трагедыі стала няправільнае рашэнне кіраўніка Польшчы: "Не жадаю казаць, хто вінаваты, хто не, хоць для мяне гэта абсалютна зразумела. Калі ляціць самалёт з прэзідэнтам на борце, калі ідзе адхіленне ад нормы, камандзір экіпажа наўпрост дакладвае прэзідэнту пра гэта. Прэзідэнт пытае, ці магчыма ў гэтым выпадку пасадзіць самалёт, але апошняе слова застаецца за ім. Ён прымае рашэнне - сядае самалёт ці не. Але пілот мае права не падпарадкавацца".

Жорсткай памылкай назваў кіраўнік краіны вывад з Беларусі ядзернай зброі. Аднак ён заявіў, што ў Беларусі застаўся высокаўзбагачаны ўран, сотні кілаграмаў фактычна зброевага і меней узбагачанага. Па словах Лукашэнкі, ён выкарыстоўваецца ў даследчых мэтах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі