Вы тут

Лукашэнка: дзе апынуліся гэтыя айцішнікі, што мы атрымалі ад ІП?

Падчас нарады / president.gov.by

11 чэрвеня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада "па пытаннях прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці". Між іншым, разглядаліся змены ў Грамадзянскі кодэкс.

Лукашэнка нечакана абрынуўся на айцішнікаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, падкрэсліў, што падчас зменаў заканадаўства трэба ўлічваць наяўны досвед.

"Мы стваралі IT-парк: "Ах, трэба, ах, добра!", гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Так, ён адыграў сваю ролю. Мы вельмі ўдзячныя ўсім тым, хто працаваў і працуе ў IT-парку".

Дзякуючы ПВТ, айцішнікі з'явіліся ў Мінабароны, у Акадэміі навук, на вытворчасці. "Але мы многія працэсы там выпусцілі, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — І што атрымалі: самыя нібыта прасунутыя, самыя багаценькія і забяспечаныя — дзе яны апынуліся?". Прысутныя безумоўна ведалі: спачатку ўдзельнічалі ў пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, пасля многія з'ехалі, а некаторыя знаходзяцца ў зняволенні.

"Другі прыклад — індывідуальныя прадпрымальнікі, — гаварыў на нарадзе Лукашэнка. — Былы ўрад тут бегаў, крычалі "Ай-ай-ай" і "Ой-ой-ой". І што мы атрымалі? Гэта нам урокі". Відаць, ён меў на ўвазе таксама нелаяльнасць ІП да ўлады, іх удзел у пратэстах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.