Лорд Бэл: я нічога не ведаю пра вашых піяршчыкаў, але паспрабуйце самі

На месца лорда Бэла ўжо з’явіліся прэтэндэнты — беларускія і замежныя піяршыкі. Еўрарадыё пагаварыла з самім лордам, а таксама з тымі, хто збіраецца яго замяніць, і даведалася, як будуць піярыць Беларусь далей Еўрарадыё: Лорд Бэл, пасля заканчэння Вашага кантракта з Беларуссю з’явілася шмат ахвотнікаў, якія б хацелі заняцца іміджам нашай краіны. Як думаеце, чаму?

Лорд Бэл: Можа тое, што зрабілі мы, наштурхнула іх на гэтую думку. Хаця складана сказаць. Можа мы зрабілі Беларусь больш заўважнай. І гэта ў сваю чаргу паспрыяла таму, што больш людзей стала ўспрымаць яе як прывабны рынак.

Еўрарадыё: Як Вы лічыце, ці ўдалося ваша супрацоўніцтва з Беларуссю?

Лорд Бэл: Я думаю, гэта быў вельмі паспяховы праект.

Еўрарадыё: А ці змянілася Вашае асабістае стаўленне да нашай краіны?

Лорд Бэл: У мяне да гэтага не было ніякага стаўлення. А зараз у мяне значна больш ведаў, таму і меркаванне больш падмацаванае. Я думаю, гэта вельмі добрая краіна, поўная магчымасцяў і цікавых людзей.

Еўрарадыё:
Існуе такое меркаванне, што ў Беларусі ёсць уласныя піяр-спецыялісты, якія зробяць працу лепш за замежных. Скажыце, можа Вы знаёмыя з імі?

Лорд Бэл: Не, я ні з кім з іх не сустракаўся. Шчыра кажучы, я няшмат ведаю пра беларускую піяр-індустрыю.

Еўрарадыё: Ці можа Беларусь зрабіць сабе добры імідж уласнымі сіламі?

Лорд Бэл: На гэтае пытанне няма адказу. Я маю на ўвазе, што адказ на яго — і так, і не. Вы, канечне, можаце зрабіць гэта самі, а можаце — з замежнай дапамогай.

Еўрарадыё: А можа ў вас ёсць нейкія планы, звязаныя з намі? Ці можа засталіся нейкія нерэалізаваныя праекты?

Лорд Бэл: Не думаю. Зараз у мяне ніякіх планаў.

Наталля Лешчанка: “Трэба не спрабаваць прыкідвацца, што мы еўрапейцы, таму што мы яшчэ не еўрапейцы”

Тым часам перамовы з Адміністрацыяй прэзідэнта Беларусі ўжо вядзе Лонданскі Інстытут дзяржаўных ідэалогій. Яго старэйшы эксперт беларуска Наталля Лешчанка падзялілася з Еўрарадыё сваімі планамі.

Еўрарадыё: Чаму Беларусь павінна выбраць менавіта Ваш інстытут?

Наталля Лешчанка: З Лордам Бэлам атрымалася так, што самыя добрыя ідэі пайшлі менавіта не ад яго, а ад беларускіх экспертаў. А Бэл нейкім чынам спрабаваў данесці іх да еўрапейскай аўдыторыі, але ў яго гэта не вельмі добра атрымалася.
Я сама беларуска, я займаюся тэмай беларускай ідэалогіі ўжо шмат гадоў. На Захадзе я — адзіная асоба, якая гэтым займаецца. У нас ёсць спецыялісты па справах іміджу, якія могуць працаваць з еўрапейскай аўдыторыяй. Гэта тое, што мы прапануем, што можам зрабіць кваліфікавана. Калі трэба, то разам з беларускімі экспертамі.

Еўрарадыё: А гэтыя беларускія піяршчыкі, якія давалі добрыя ідэі, — гэта хто?

Наталля Лешчанка: Шчыра кажучы, мы самі не ведаем, гэта тое, што нам казалі. Насамрэч цяжка сказаць, як ішоў гэты працэс. Мы толькі назіралі і заўважылі, што яго можна палепшыць. Але думаю, што разумныя людзі знойдуцца заўсёды. Пытанне толькі ў тым, каб адрозніць іх ад тых, хто проста хваліцца і нічога новага не прапануе.

Усе вельмі стаміліся ад трактароў і чыстых азёраў, вельмі стаміліся ўжо. Гэта старое і гэта не працуе. Калі нехта зноў запрапануе ідэю трактароў, ніякіх зменаў не будзе. Патрэбны свежы падыход. Адміністрацыя прэзідэнта гэта разумее.

Еўрарадыё: Якім, на Вашую думку, павінен быць новы імідж Беларусі?

Наталля Лешчанка: Трэба паказаць, якая ёсць насамрэч Беларусь, з усім яе сялянствам, нееўрапейскасцю ў пэўных момантах. То бок, не спрабаваць прыкідвацца, што мы еўрапейцы, таму што мы яшчэ не еўрапейцы. У нас сваё — трэба толькі паказаць гэта так, каб Еўропе было цікава.

Еўрарадыё: А на што трэба зрабіць галоўны націск? Можа якія сімвалы, правобразы?

Наталля Лешчанка: Напрыклад, чысціня і добрая якасць. Вобраз чыстай, добрай маці — ёсць такі архетып, ён вельмі падыходзіць Беларусі. Другі — гэта архетып стоіка, не героя, а менавіта стоіка, які ўсё вытрымлівае, выносіць на сваіх плечах. Гэта можна добра спалучыць з эканомікай і прамысловасцю. Такі стоік у пошуках уласнага шляху, воля да выжывання і самаразвіцця і не падатнасць на ўплывы іншых. А трэці — гэта вобраз сябра, свайго.

Еўрарадыё: А чым канкрэтна мы можам прыцягнуць Еўропу?

Наталля Лешчанка: У Еўропе зараз вельмі папулярны медыцынскі турызм. То бок, людзі едуць, напрыклад, вырашыць нейкія стаматалагічныя пытанні ва Ўсходнюю Еўропу. У Беларусі гэтая сістэма вельмі добра развітая, у параўнанні нават з Расіяй. Яна адносна танная. Да таго ж у нас вельмі добрая сістэма санаторыяў. Але гэта не агратурызм, а лячэбны турызм.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі