Л.О.М. выдалі новы кліп

17 верасня ў сталічным клубе R-CLUB адбылася прэзентацыя новага кліпа гурта “Лекарство от меланхолии”  (Л.О.М.) на песню “Асоль”. Калі напрыканцы мая падчас прэзентацыі апошняга Л.О.Маўскага альбома “Without…” Яўген Салдаценка абвясціў пра хуткую прэм’еру кліпа, то ўспрынялася гэтая навіна напаўверы. Бо, як вядома, “абяцанкі-цацанкі…” і на шляху ад задумы да рэалізацыі трапляецца шмат ўсялякіх неспадзяванак. Тым больш, калі справа датычыцца калектыўна-творчага праекту. Аднак, як засведчыла нядаўняя прэзентацыя, – для мэтанакіраванага крэатыву няма межаў.

Аўтарска-стваральніцкі “кактэйль” кліпа атрымаўся і, сапраўды, крэатыўным. Аляксандра Бутар – рэжысёр, згаданы Я.Салдаценка – кіраўнік і саліст гурта “Л.О.М.”, выканаўца і аўтар песні, Наталля Ціткова – мультыплікатар, артысты Тэатра беларускай драматургіі Максім Паніматчанка і Кацярына Прохарава – акцёрскі дуэт кліпа. Нельга не дадаць да гэтага ланцужка імёны музыкаў экстракласу, што працуюць у складзе гурта.  Сярод іх – саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра краіны, знакаміты гітарыст Сяргей Анцішын, піяніст, аранжыроўшчык, удзельнік “Apple Tea” Канстанцін Гарачы, бас-гітарыст, кампазітар Аляксандр Каліноўскі, піяніст, аранжыроўшчык, кампазітар, музыкант “Беларускіх песняроў” Максім Пугачоў, перкусіяніст Кірыл Шэвандо і інш.

Таму няма чаму здзіўляцца, што кліп зроблены з густам і “на ўзроўні”. Сінтэз чорна-белага відэа і каларыстычна яскравай анімацыі стварае цікавы візуальны эфект, а іранічны падтэкст у музыцы і словах песні надае архетыповай гісторыі кахання сучасную афарбоўку.
 
Дарэчы, гэта ўжо чацвёртая кліпмэйкерская праца “Л.О.Ма” і А.Бутар. У бліжэйшых планах – стварэнне DVD-дыску з кліпамі гурта. І, улічваючы хуткасць рэалізацыі задумаў Я.Салдаценкі, новая прэзентацыя не за гарамі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі