“Літва – краіна самотных жанчын”

Чым Літва адрозніваецца ад Беларусі? Ды прынамсі тым, што ў іх на 5 выбараў – 5 прэзідэнтаў! Але гэта дробязі ў параўнанні з тым, што ў іх апошні прэзідэнт - жанчына! Што за метамарфозы адбываюцца з адной з самых кансерватыўных краін Еўрасаюза, і як ставіцца да гэтага грамадства? Мы паразмаўлялі з Онай Гражынай Ракаўскенэ, дырэктарам літоўскага Інстытута эканомікі роўных магчымасцяў і згуртаванасці грамадства, прафесарам, доктарам эканамічных навук ва Ўніверсітэце Міколаса Ромерыса.

- У нас вялікая дэмаграфічная дыспрапорцыя. Літва – гэта краіна самотных жанчын. Дзяўчаты нашмат больш адукаваныя, цікавыя, у іх сістэма каштоўнасцяў намнога вышэй, чым у нашых хлопцаў. У нас хлопцы размаўляюць пра машыны, пра выпіўку, яшчэ пра бізнес. І няма ніякіх каштоўнасцяў вышэй.



Скажам, хто б мог падумаць, але фармальна Літва цалкам “у шакаладзе” на тэму гендэрнай роўнасці – напрыклад, краіна займае 3 месца па гендэрным індэксе чалавечага развіцця.

У Літве больш жанчын, чым мужчын (54%), і прычым у гарадах жанчын удвая больш, чым мужчын. А атрымліваецца гэта таму, што жанчыны едуць у гарады вучыцца, а мужчыны застаюцца ў вёсцы, без працы, співаюцца і не разумеюць, навошта ўвогуле яна патрэбная, тая адукацыя.

Як вынік – нашмат больш адукаваная жанчына не можа знайсці сабе годнага партнёра і ... з'язджае за мяжу. Асноўную частку эмігрантаў складаюць жанчыны і дзяўчаты. Там яны рэалізуюць сябе і ў сям’і, і ў кар’еры. Літоўкі – моцныя і працавітыя, хоць і на радзіме добрую кар’еру выбудоўваюць толькі самыя-самыя, такія, як прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ, напрыклад. А мужчыны застаюцца тут і... забіваюць сябе.

- У Літве вельмі шмат разводаў. Літва займае 1 месца па колькасці самазабойстваў, і самазабойцы – мужчыны. Яны співаюцца ад бессэнсоўнага жыцця, бо ў іх няма мэтаў вышэй, мэты вельмі нізкія – грошы зарабіць і ўсё.

І як вынік гіперразвіцця жанчын у Літве мы бачым, што прэзідэнтам краіны стала жанчына. Ну дык няўжо гэта перамога фемінізму, нараджэнне краіны амазонак у нас на вачах?

Парламентар Марыя Аўшрынэ Павіліяніенэ кажа Эўрарадыё, што перамога жанчыны – не ёсць перамога феміністак:



- Дагэтуль у Літве не кожная рашыцца прызнацца, што яна феміністка. Я – феміністка, я ганаруся гэтым. А іншыя – не, яны бачаць нейкі негатыўны сэнс, і гэта кепска. Часам жанчыны ў партыі выражаюць мужчынскую ідэалогію, ідэалогію партыі, і не заўсёды – ідэалогію жанчын. І чаго мне не хапае ў нашым прэзідэнце – яна рэдка адкрыта кажа пра сям’ю, пра праблемы жанчын.









Згодны з Марыяй і Валдас Дамбрава, дарадца па сувязях з грамадствам Службы дзяржаўнага кантролю па пытаннях роўных магчымасцяў:

- Жанчыны чакаюць не толькі сімвалічных перамен у палітыцы, а рэальных.

“Літва ўжо даўно чакала прэзідэнта-жанчыну” – кажа Валдас. Аказваецца, на папярэдніх выбарах жанчына нават прайшла ў другі тур! Тая ж жанчына потым стала першым прэм’ерам Літвы.



 А Даля Грыбаўскайтэ яскрава вылучалася з усіх кандыдатаў, і адказвала яна не за нейкую лірыку, а ледзь не за самае галоўнае – за бюджэт і фінансы Эўрасаюза. На апошніх выбарах жанчыны галасавалі за жанчыну, і дакладна вядома, што і мужчыны галасавалі – народ наэксперыментаваўся з уладай:

- Паспрабавалі ўжо левых, правых, новых, а паўтары гады таму мы спрабавалі нават шоўмэнаў – тэлевядучых, спевакоў. Усіх паспрабавалі, засталіся жанчыны.

Рэйтынгі Далі Грыбаўскайтэ і былі, і ёсць вельмі высокія. Яна стала камунікаваць з даўно забытымі суседзямі, у тым ліку і з Беларуссю. Таксама прэзідэнт стала часцей прызначаць на высокія пасады жанчын, не тое, каб наўмысна, але ж раней жанчын таксама ненаўмысна забывалі і ігнаравалі, і прызначалі мужчын, якія не былі лепш за жанчын! Калі сітуацыя не зменіцца, на паўночны захад ад нас усталюецца поўны “гёрлз паўэр”, і мы на свае вочы ўбачым, што такое матрыярхат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі