Лепін: Чысціня і экалагічнасць АЭС — міф, створаны атамшчыкамі

Навошта Беларусі АЭС? Якія наступствы яна нясе для здароўя людзей, экалогіі і прэстыжу краіны ў свеце? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з беларускімі і замежнымі экспертамі.
"Энергетычны стан Беларусі не патрабуе будаўніцтва атамнай станцыі. Мадэрнізацыя цеплавых станцый магла б дазволіць непараўнальна выгадней, хутчэй і танней забяспечыць не толькі Беларусь электраэнергіяй, але і накіроўваць яе ў суседнія краіны. У прынцыпе, атамная станцыя ў энергетычных мэтах не патрэбная", ― такое меркаванне ў інтэрв’ю Еўрарадыё выказаў беларускі фізік, доктар тэхнічных навук, прафесар Георгій Лепін.

Паводле яго словаў, атамшчыкі пастаянна кажуць пра чысціню атамнай энергетыкі, якая, у адрозненне ад цеплавых станцый, не дае выкідаў у атмасферу. Аднак сам прафесар, як і іншыя праціўнікі будаўніцтва АЭС, з гэтым катэгарычна не згодныя.

"Гэта рэальная атамная станцыя ў раёне Кёльна на беразе ракі Рэйн. На гэтым малюнку выдзяляецца высокая труба. Гэтая труба з'яўляецца сімвалам атамных станцый. Калі спатрэбілася такая высокая труба, а яна ў вышыню больш за 150 метраў, значыць ёсць, што выкідваць. Існуе такі выраз “рэцэнзійныя выкіды”. Гэта кажа пра тое, што ёсць пэўная норма выкідаў, дапушчальная для атамных станцый. Гэтыя выкіды пастаянна ўзнікаюць, і тое, што адтуль выкідваецца, асядае на тэрыторыі, забруджвае водныя басейны", ― кажа Георгій Лепін.

Яшчэ адзін плюс АЭС паводле версіі атамшчыкаў ― гэта адсутнасць выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу, які стварае ўсім вядомы парніковы эфект.

"Але амерыканскія навукоўцы падлічылі, што ўвесь цыкл прадпрыемстваў, які абслугоўвае атамную станцыю, выкідвае вуглякіслага газу не менш за цеплавую станцыю", ― адзначае Лепін.

Таксама забруджанай аказваецца і вада, якую выкарыстоўваць для ахаладжэння рэактара. Нягледзячы на тое, што рэактары — закрытага тыпу, радыяцыя ўсё роўна праходзіць, кажа сябра еўрапейскай камісіі па радыяцыйнай рызыцы Пэр Хегелунд

Пра гэты факт ужо сведчыць тое, што Балтыйскае мора ― самае забруджанае радыяцыяй у свеце.

"Мая краіна Данія, дзе я жыву, вельмі церпіць ад радыяцыі. Хаця самі мы даўно ўжо адмовіліся ад атамнай энергетыкі. Мы пакутуем ад выкідаў станцый суседніх краінаў".


Выкіды АЭС выклікаюць прыродныя катаклізмы


Акадэмік Лягасаў займаўся лакалізацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ён толькі адзін раз схлусіў пра рэальныя наступствы катастрофы на сесіі МАГАТЭ, каб абараніць сваю краіну. Але праз два гады пасля аварыі скончыў жыццё самагубствам.

Лепін: "Акадэмік Лягасаў паведаміў нам пра адно з найбольш небяспечных рэчываў, якое пастаянна выкідваюць усе станцыі, ― радыеактыўны ізатоп крыптон-75. Ён газападобны, не паглынаецца фільтрамі і цалкам выходзіць у атмасферу".

На думку прафесара Лепіна, гэты самы крыптон выклікае ў атмасферы сур'ёзныя змены, якія прыводзяць да прыродных катаклізмаў. Пытанне гэтае малавывучанае, але ўсё часцей з'яўляецца ў публікацыях розных навукоўцаў.

Так, на думку некаторых спецыялістаў, крыптон-75 трапляе ў атмасферу і зніжае яе электрасупраціўленне. З-за гэтага з'яўляюцца новыя электратокі, што прыводзіць да стварэння новых паветраных патокаў у атмасферы, якіх раней не існавала. Гэта парушае сфармаваныя токі паветра ў атмасферы і прыводзіць да зменаў у клімаце.

"Я прааналізаваў, што за 30 год колькасць крыптону павялічылася ў 70 разоў. За гэты ж тэрмін шкода прыродзе і людзям ад катаклізмаў павялічылася ў 74 разы. Таму я ўпэўнены, што выкіды крыптону праяўляюцца ўжо цяпер. А вы можаце бачыць гэта, калі ў навінах распавядаюць пра затапленні гарадоў і сухія навальніцы, якіх раней ніколі не было".


Ніхто ў свеце не ведае, як надзейна захаваць ядзерныя адкіды


Кожная атамная станцыя выдае адпрацаванае паліва, якое яшчэ больш небяспечнае за само паліва. Пытанне захавання яго не вырашанае пакуль нідзе, кажа прафесар. Амерыканцы некалькі гадоў спрабуюць пабудаваць у скалах магільнік, але ён па сённяшні дзень не існуе.

"Нідзе ў свеце ніхто не ўмее схаваць і засцерагчы адкіды. Я маю досвед працы ў Чарнобылі. Мне 6 год давялося там працаваць. Я меў прамыя адносіны да захавання адкідаў. І я магу сказаць, што прыблізна з 400 пахаванняў ніводнае не прызналі надзейным", ― адзначае Георгій Лепін.

А гэта значыць, што праз пэўны час да гэтых 400 пахаванняў давядзецца вярнуцца і нешта з імі рабіць! Гэта вельмі небяспечна і дорага.

"Перад тым, як вы ў Беларусі вырашыце будаваць АЭС, запытайце сябе, ці гатовыя вы да росту дзіцячай лейкеміі і анкалагічных захворванняў. Мы павінны разумець, што сёння мы маем сумнеўны прыбытак ад АЭС. А ў будучыні праблемы будуць у нашых дзяцей і ў суседзяў, якія адмовіліся ад АЭС", ― заўважае Пэр Хегелунд.

Самой Беларусі пакуль няма дзе захоўваць адкіды, а адпраўляць адпрацаванае паліва ў Расію не дазваляе заканадаўства нашай усходняй суседкі. Таму паліва можна адпраўляць толькі на перапрацоўку. Потым яно вяртаецца ў Беларусь. 


"Будаўніцтва беларускай АЭС — як сітуацыя ў цягніку: калі адзін хоча закурыць, усе іншыя супраць, а ён бярэ і запальвае. Вось так па-хамску цяпер паводзіць сябе Беларусь"


Між тым, будаўніцтва беларускай АЭС пачалося, нягледзячы на адсутнасць згоды суседніх краін і дзяржаўнай экспертызы, якая завяршылася толькі 15 ліпеня. Расійскі фізік Андрэй Ажароўскі нядаўна наведаў месца будаўніцтва на Астравеччыне. Паводле яго словаў, туды нагналі шмат тэхнікі і на вялікай плошчы знялі лес і грунт, а таксама паставілі шыльду, на якой напісана, што тут будуецца АЭС.

"Работы вядуцца, і нават стаіць інфармацыйны стэнд, які кажа, што пачалося будаўніцтва станцыі. У прынцыпе, гэтую пляцоўку потым можна будзе выкарыстаць пад нешта іншае, касмадром, ці самы вялікі хакейны палац, але ўсе факты кажуць пра тое, што беларускія ўлады вельмі дэманстратыўна хочуць паказаць, што будаўніцтва станцыі будзе, нягледзячы ні на што".

Нашая краіна падпісала міжнародную канвенцыю Эспо. Таму на будаўніцтва станцыі трэба атрымаць дазвол суседніх краін. Праўда, кажа Андрэй Ажароўскі, канвенцыя не абавязвае, а толькі рэкамендуе.

"Сітуацыя атрымліваецца — як у цягніку едуць чатыры чалавекі. Адзін просіць дазволіць папаліць, усё іншыя супраць, а ён бярэ і запальвае. Вось так па- хамску зараз паводзіць сябе Беларусь".

Калі ж ў рамках канвенцыі спрэчкі не будуць скончаныя, то на Беларусь могуць падаць у міжнародны суд.

"Відаць, туды і піхаюць Беларусь чыноўнікі Мінпрыроды, такія як Андрэеў, якія на кожным куце крычаць, што яны прыхільнікі атамнай станцыі. Хаця гэта дзіўна, бо Мінпрыроды павінна быць нейтральным арбітрам і толькі даваць ацэнку праекту".

Пакуль на АЭС няма фінансавання і дамовы з нейкай краінай на будаўніцтва рэактара. Разбіральніцтва справы ў міжнародным судзе ўскладніць будаўніцтва, лічыць фізік Андрэй Ажароўскі. Расійскі РосАтам можа адмовіцца ад удзелу ў праекце супраць волі суседніх краінаў. Таму, хутчэй за ўсё, пакуль будаўніцтва — толькі дэманстрацыя, а станцыя можа стаць чарговым даўгабудам, якіх у Беларусі шмат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі