la Repubblica: большая частка арміі Пуціна — этнічная меншасць, гэта не яе вайна

Расійскі танк у Марыупалі / УНИАН
Расійскі танк у Марыупалі / УНИАН

Большасць войска Пуціна — не расіяне. Гэта не іх вайна. Яны слаба навучаныя і жорсткія. Да такой высновы прыходзіць італьянская газета La Repubblica, правёўшы ўласнае расследаванне.

Рэчаіснасць

У ваенным шпіталі Растова-на-Доне знаходзяцца вайскоўцы 150-й стралковай дывізіі, параненыя падчас баёў ва Украіне. Імёны салдат расійскай арміі гавораць самі за сябе: Махамед, Мансур, Сейдула, Біслан, Заур, Сайхан, Рахман, Рызван, Абдула, Ахмед, Абубакар. Сярод 45 імёнаў у спісе параненых ёсць таксама Станіслаў, Ігар, Валодзя, Зміцер, Аляксей, Сяргей, Вадзім, але іх меншасць. Імёны больш за 65 адсоткаў пацыентаў, піша выданне, гавораць аб тым, што салдаты — прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Расіі.

"І справа не ў тым, што ў Растоў накіроўваліся нярускія салдаты або ў склад 150-й дывізіі набіралі менавіта прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Не: хворыя растоўскай бальніцы адлюстроўваюць рэальнасць расійскай арміі, якая, у сваю чаргу, не адлюстроўвае этнічных прапорцый расійскага грамадства", — заўважае la Repubblica.

Прапорцыі

Сыходзячы з афіцыйных звестак расійскага боку, выданне прыходзіць да высновы, што пераважная большасць забітых і параненых салдат расійскай арміі ва Украіне не з'яўляюцца этнічнымі рускімі. Але інакш выглядае справа з афіцэрамі: сем генералаў, якія загінулі ў баі, з'яўляюцца этнічнымі рускімі, як і пераважная большасць загінулых сярод элітных частак і дэсантнікаў.

"Насамрэч этнічныя меншасці складаюць большасць не толькі пяхоты і лёгкабраніраванай пяхоты, або "гарматнага мяса" расійскай арміі, але і расійскіх узброеных сіл у цэлым, — упэўнена выданне. — Большасць не лічаць гэтую вайну сваёй і не атаясамліваюць сябе з яе мэтамі. Гэта дапамагае зразумець праблемы, з якімі сутыкнуліся пуцінскія войскі падчас украінскай кампаніі, якая расчаравала Крэмль”.

Як прыклад — салдаты з Дагестана. Прызыўнікі ў расійскую армію ў вялікай колькасці набіраюцца таксама з іншых тэрыторый, населеных у асноўным нярускімі, такіх як Асеція, Буратыя і Інгушэція. З іншага боку, нараджальнасць на Каўказе вышэйшая, чым у астатняй частцы Федэрацыі, а ўзровень жыцця ніжэйшы, што робіць войска ці ледзь не адзіным варыянтам кар'еры для маладых, праблемных мужчын з гэтых рэгіёнаў.

Армія меншасці

Рост дабрабыту ў Расіі ў апошнія гады негатыўна адбіўся на расійскім войску, упэўненыя аўтары артыкула:

"Армія ператварыліся ў дрэнна абсталяванае і дрэнна навучанае войска меншасці, да якой далучаліся дрэнна адукаваныя мужчыны, якія ўладкоўваліся ў часткі з менш дасканалым узбраеннем. Мы бачым такія філіялы ва Украіне".

Праблемы, пералічаныя вышэй, а таксама гераічны супраціў украінцаў, "заахвоцілі расійскае вайсковае камандаванне прапанаваць Пуціну адступленне, пакуль тактычнае, і засяродзіцца на больш абмежаваных мэтах, што пацвярджае, што расійская ваенная машына не працуе як належыць", рэзюмуе la Repubblica.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі